9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка зноў нападае на заходніх амбасадараў

27

Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць дзеяннямі амбасадараў большасці краін Еўрапейскага Звязу і ЗША, адзначыўшы пры гэтым пазітыўную ролю амбасадара ФРГ у Менску. "Я не зусім разумею ролю амбасадараў краін Еўразвяза, у большасці сваім, і асабліва амерыканскага амбасадара. Я не хачу гэта ўтойваць, і таму я часам рэзка выказваюся", – заявіў ён.

Сустракаючыся ў Менску з амбасадарам Нямеччыны Гебхардтам Вайсам, кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: "Мы – суверэнная, незалежная дзяржава і з'яўляемся ёй ужо паўтара дзесятка гадоў. Тое, што мы стабільныя, і тое, што мы нікому ніякіх праблем не ствараем ні суседзям, ні Нямеччыне, ні Францыі, ні ЗША – гэта факт. Так чаго ад нас хочуць?"

Лукашэнка падзякаваў амбасадару ФРГ за працу ў Беларусі. "Ведаю, што яна выклікае некаторае незадавальненне ў вашых асобных калегаў. Але нам утойваць няма чаго, і я ўдзячны вам за тую пазіцыю, якую вы займаеце ў нашай краіне. Ведаю, што вам нялёгка", – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, "роля амбасадара ў краіне знаходжання ў тым, каб, насуперак усяму, усталёўваць нармальныя сяброўскія стасункі сваёй краіны з краінай знаходжання". "На жаль, у заходніх амбасадараў такога жадання няма", – заявіў ён.

"Атрымліваецца парадокс: упрыватным парадку яны (амбасадары – ІФ) практычна заўсёды выказваюць падтрымку таго, што адбываецца ў Беларусі. Іх задавальняе тая стабільнасць, якая ёсць у Беларусі", – сказаў А.Лукашэнка. Ён таксама дадаў: яны (амбасадары – ІФ), кажуць, што нам (заходнім краінам – ІФ) выгодная гэтая стабільнасць, улічваючы, што мы (заходнія краіны – ІФ) вельмі залежныя ад энергапаставак з Расеі. "Калі ёсць тут (у Беларусі – ІФ) стабільнасць, значыць ёсць стабільнасць у эканоміцы нашых дзяржаў", – сказаў А.Лукашэнка, спасылаючыся на выказванні замежных дыпламатаў. "Але, калі мы афіцыйна чуем заявы некаторых амбасадараў і бачым іх рэальныя дзеянні, то становіцца вельмі смутна", – заявіў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка выказаў гатоўнасць у гутарцы з амбасадарам ФРГ "выслухаць любыя прапановы". "Вы павінны сказаць, што вам не падабаецца, што б вы хацелі змяніць. А я паспрабую адрэагаваць на тое, што вы скажаце. Наша сустрэча павінна быць сумленнай, адкрытай і, самае галоўнае, шчырай", – адзначыў А.Лукашэнка.

У сваю чаргу нямецкі дыпламат прапанаваў А.Лукашэнку "не глядзець назад, а паглядзець наперад". "Самыя блізкія месяцы да правядзення выбараў (парламенцкіх выбараў у Беларусі – ІФ) стануць, у некаторай ступені, вырашальнымі для Беларусі па яе далейшым становішчы ў Еўропе", – сказаў Г.Вайс.

Амбасадар адзначыў, што "на фоне гэтых падзей, калі працэс пойдзе наперад, то, магчыма, пасля гэтых выбараў з'явіцца новая сітуацыя", паведамляе "Інтэрфакс".

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках