9 чэрвеня 2026, aўторак, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна атрымала ў футболе пяцізоркавы статус

На пасяджэнні выканкама Еўрапейскага футбольнага саюза (УЕФА) у Заграбе (Харватыя) Украіне прысуджаны пяцізоркавы статус у рамках Хартыі масавага футбола. Дагэтуль самы высокі рэйтынг мелі «пяцізоркавыя» Англія, Нямеччына, Нідэрланды, Шатландыя і Нарвегія.

Як паведамляе інфармацыйная служба Федэрацыі футбола Украіны, разам з Украінай да іх далучылася Фінляндыя. Чатыры зоркі прысуджаныя Даніі. Па адной маюць Расея, Швейцарыя, Ірландыя і Паўночная Ірландыя, Уэльс і Мальта.

Нацыянальныя асацыяцыі, якія далучаюцца да Хартыі, атрымліваюць адну зорку аўтаматычна, пасля чаго ім налічваюць дадатковыя зоркі за развіццё масавага і дзіцяча-юнацкага футбола. Асацыяцыя можа набраць да сямі зорак, што будзе сведчыць пра паглыблены падыход да палітыкі развіцця масавага футбола.

Другую зорку Федэрацыя футбола Украіны атрымала за свае сацыяльныя праграмы ў масавым футболе. Гэта, у прыватнасці, супрацоўніцтва з дзяржавай у рамках сацыяльнай рэабілітацыі праз укараненне футбола ў выпраўленчых калоніях для непаўнагадовых асуджаных, спаборніцтвы для людзей з разумовымі недахопамі і абмежаванымі магчымасцямі. Трэцяя зорка адлюстроўвае колькасць пастаянных зарэгістраваных удзельнікаў спаборніцтваў па масавым футболе – 664 433, чацвёртая – колькасць жанчын, задзейнічаных у масавым футболе: 38 667 (5,8 працэнта).

Нарэшце, пятая зорка прысуджаная за масавыя футбольныя мерапрыемствы і прагрэс у колькасці ўдзельнікаў. УЕФА адзначае турнір «Скураны мяч» для хлопчыкаў 10–13 гадоў (295 084 зарэгістраваных удзельнікаў) і дзяўчынак 13–14 гадоў (3 200), футбольны фэст сельскіх школьнікаў – хлопчыкаў і дзяўчынак 14–17 гадоў – «Падорым радасць дзецям!» (75 000), а таксама «Турнір 1 000 каманд», які ахоплівае Харкаўшчыну (1 224). Прагрэс у колькасці ўдзельнікаў масавых спаборніцтваў складае 0,2 працэнта – з 1,2 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва ў 2003 годзе да 1,4 працэнта на сёння.

«Ідэя Хартыі – у стымуляванні развіцця праграм па масавым футболе нацыянальнымі асацыяцыямі, – адзначыў тэхнічны дырэктар УЕФА Эндзі Роксбург. – Заданне Еўрапейскага футбольнага саюза – забяспечыць федэрацыям у гэтым дачыненні матывацыю і падтрымку. Хартыя накіраваная на актывізацыю развіцця масавага футбола ў нацыянальных асацыяцыях, яна павінна стаць прыладай, якая закране палітычны, адміністрацыйны і тэхнічны ўзроўні гульні».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках