Беларусы прапаноўваюць назваць вуліцу імем генерала Захаранкі
3- 8.01.2008, 17:48
Арганізацыя "Маладыя дэмакраты" падала ў Менгарвыканкам зварот з просьбай прысвоіць адной з вуліц Менска імя экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.
Па словах аднаго з лідэраў "Маладых дэмакратаў" Міхаіла Пашкевіча, такое рашэнне было прынятае 4 студзеня, у дзень нараджэння Ю.Захаранкі, калі экс-міністру ўнутраных спраў споўнілася б 56 гадоў. У гэты дзень яго калегі па партыі, сябры арганізацыі АГП "Маладыя дэмакраты" пабывалі на месцы выкрадання Ю.Захаранкі.
Як сказаў М.Пашкевіч, аналагічныя звароты ў Мінгарвыканкам будуць накіраваныя таксама адносна астатніх бясследна зніклых – палітыка Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага.
"Мы павінны нагадаць людзям, кім былі гэтыя палітыкі, што яны зрабілі для Беларусі. Варта адзначыць, што Юры Захаранка быў першым міністрам унутраных спраў пасля першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 года. І я думаю, што ён годны таго, каб яго імем была названая менская вуліца", – адзначыў М.Пашкевіч.
Нагадаем, былы міністр унутраных спраў і адзін з лідэраў апазіцыі Юры Захаранка знік у траўні 1999 года. Шматлікія ў Беларусі і ў свеце лічаць, што яго выкралі па палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не завершанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і яго лёс, невядомыя. У дачыненні да яго знікнення падазраюцца вышэйшыя беларускія службоўцы.