9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падонкі пішуць ананімкі

9

Ананімныя аўтары ад імя Віцебскай філіі незарэгістраванай арганізацыі "Русское Национальное Единство" накіравалі рэдактару незарэгістраванага недзяржаўнага выданьня "Курьер из Витебска" Уладзімеру Базану і распаўсюдніку незалежнай прэсы Барысу Хамайду лісты з патрабаваньнем зьмясьціць у газэце артыкул пра недапушчальнасьць будаўніцтва мэмарыяльнага знака мясцовым ахвярам Галакосту.

У адваротным выпадку яны пагражаюць перашкодзіць выхаду газэты і пакараць рэдактара й распаўсюдніка.

Барыс Хамайда знайшоў ліст з пагрозамі ў хатняй паштовай скрыні, а Уладзімер Базан – у абаненцкай скрыні для рэдакцыйнай пошты, паведамляе “Радыё Свабода”.

Зьмест абодвух лістоў амаль аднолькавы: на расейскай мове невядомыя аўтары сьцьвярджаюць, што яны супраць будаўніцтва памятнага знака растраляным у 1941 годзе вязьням віцебскага гета, ініцыяванага грамадзкім аб'яднаньнем "Городская еврейская община". На іхную думку, "услаўленьне пакутаў габрэяў будзе спрыяць распальваньню нацыянальнай варажнечы й нянавісьці сярод жыхароў Віцебску".

Калі такі матэрыял у газэце ня зьявіцца, аўтары допісу раяць Барысу Хамайду дабраахвотна адмовіцца ад распаўсюду "Курьера из Витебска", каб пазьбегнуць пакараньня ад РНЕ, а Уладзімеру Базану пагражаюць "нашкодзіць як рэдактару", скарыстаўшы "уласныя сувязі ў колах улады".

Нагадаем, што спадары Хамайда й Базан ужо ня першы раз атрымліваюць пісьмовыя пагрозы ад імя РНЕ. Два гады таму Уладзімеру Базану, які на той час быў рэдактарам газэты недзяржаўнай гарадзкой газэты "Витебский курьер", невядомыя пагражалі расправай за публікацыю апазыцыйных артыкулаў.

Барыс Хамайда і яшчэ трое сябраў КХП БНФ таксама атрымалі лісты з пагрозамі ў ліпені мінулага году: ананімныя аўтары пагражалі пакараць іх за вывешваньне бел-чырвон-белых сьцягоў, палічыўшы, што актывісты маюць дачыненьне да дзейнасьці легендарнага Мірона.

Увогуле за два мінулыя гады лісты з пагрозамі ад імя РНЕ атрымалі сямёра віцебскіх актывістаў. Пяцёра зь іх зьвярталіся са скаргамі ў пракуратуру, аднак безвынікова: на падставе таго, што арганізацыя РНЕ ў Беларусі не зарэгістравана, праваахоўныя органы адмовіліся распачынаць крымінальныя справы і высьветляць, хто канкрэтна рассылае лісты з пагрозамі.

Тым ня менш Барыс Хамайда мае намер яшчэ раз зьвярнуцца ў пракуратуру, бо лічыць апошні допіс асабістай зьнявагай: ягоныя сваякі таксама былі ахвярамі Галакосту, расстралянымі пад Віцебскам фашыстоўскімі карнікамі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках