9 чэрвеня 2026, aўторак, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідзія Ярмошына: «Без адміністрацыйнага рэсурсу выбары не правядзеш»

15

Кіраўнічка ЦВК Беларусі лічыць, што выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу пры правядзенні выбараў – гэта абсалютна нармальная з'ява.

«Адміністрацыйны рэсурс, безумоўна, меўся. Але ж без яго выбары не правядзеш. Калі кажуць, што адміністрацыйны рэсурс - гэта дрэнна, мне заўсёды хочацца нагадаць адну простую ісціну: любы прадукт у вялікай колькасці - гэта атрута, а ў дазіраванай - лек. Адміністрацыйны рэсурс - фактар, які стабілізуе», - сцвярджае кіраўнічка ЦВК у інтэрв'ю «Народнай газеце».

На яе думку, «на грамадскім энтузіязме нічога не пратрымаецца больш за два-тры дні».

«Дзяржава цалкам забяспечвала працу выбаркамаў, давала магчымасць кандыдатам выступаць па радыё і тэлебачанні, публікаваць праграмы ў газетах, выдаваць улёткі, вылучала месцы для сустрэчаў з грамадзянамі (а часам і забяспечвала гэтыя сустрэчы), абсталявала ўчасткі для галасавання і рабіла яшчэ шмат чаго. Але, на жаль, мы не заўсёды заўважаем, што адбываецца вакол нас. Гэта як кісларод ці вада. Пакуль яны ёсць - гэта здаецца натуральным. Так і з арганізацыяй «выбараў». Але за гэтым стаіць праца велізарнай колькасці людзей», - упэўненая Лідзія Ярмошына.

Яна сцвярджае, што арганізацыя працы для міжнародных назіральнікаў падчас беларускіх «выбараў» не мае аналагаў.

«Ім была дадзеная магчымасць самым дасканальным чынам вывучыць увесь выбарчы працэс знутры. Яны маглі прысутнічаць пры запісах тэлезваротаў кандыдатаў, вырабе іх улётак і гэтак далей. Падобнае стаўленне ў свеце не так ужо і распаўсюджанае. Хай бы хтосьці з замежных місіяў нешта падобнае запатрабаваў на выбарах у ЗША», - заявіла Ярмошына.

На яе думку, адсутнасць магчымасці падліку галасоў для назіральнікаў АБСЕ «закону не супярэчыць».

«На некаторых выбарчых участках нашыя камісіі па-старому парасілі назіральнікаў "прысутнічаць, але ўбаку". Такое патрабаванне не супярэчыць закону. Аднак назіральнікам гэта не спадабалася. Прадстаўнікі АБСЕ заявілі, што на 48 адсотках участкаў ім не былі створаныя належныя ўмовы для кантролю падліку галасоў», - лічыць Лідзія Ярмошына.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках