10 чэрвеня 2026, Серада, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супраць курапацкіх вандалаў узбуджаная крымінальная справа

1

Сёння Бараўлянскі аддзел Менскага РУУС узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да двух маладых людзей, затрыманых у Курапатах увечары 1 лістапада, якія падазраюцца ў знішчэнні памятных крыжоў.

Паводле словаў начальніка следства Бараўлянскага аддзела Ігара Барадача, справа ўзбуджаная па артыкуле 346, частка 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (здзек з гісторыка-культурных каштоўнасцяў), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або арышту на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін, перадае БелаПАН.

Як паведамлялася раней, 1 лістапада каля 22.00 дэмакратычныя актывісты менчукі Аляксандр Макаў і Алег Свірыдаў затрымалі ў Курапатах двух маладых людзей прыкладна 18-20 гадоў. Знаходзячыся ў нецвярозым стане, яны ламалі памятныя крыжы на алеі, якая вядзе ад Крыжа пакутаў да ўзгорку з мемарыяльным каменем ахвярам сталінізму.

Адзін з затрыманых па мабільным тэлефоне выклікаў на месца здарэння бацькоў і пры гэтым заявіў, што хутка прыедзе яго бацька, прад'явіць сваю «корачку» (пасведчанне асобы) і вызваліць юнакоў. Праз некалькі хвілінаў пасля тэлефоннага выкліку прыехалі бацькі маладога чалавека, аднак бацька, насуперак абяцанням затрыманага, нічога не сказаў А.Макаву і А.Свірыдаву ні ва ўрочышчы, ні ў Бараўлянскім аддзеле Менскага РУУС, куды іх даставілі разам з затрыманымі.

За апошнія тры гады па фактах вандалізму ў Курапатах, з 1993 года ўнесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік гісторыі міжнароднага значэння «Месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», трэці раз узбуджаецца крымінальная справа.

Упершыню справу адкрыў Менскі РУУС у снежні 2005 года па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганенне будынкаў і псаванне маёмасці), другі раз — у сакавіку 2008 года па артыкуле 339, частка 1 КК (хуліганства). Аднак у абодвух выпадках злачынцы не былі знойдзеныя і пакараныя. Такім чынам, вандалаў атрымалася затрымаць упершыню, прычым прадстаўнікам грамадскасці.

У канцы 1990-х гадоў вандалы зламалі тут таблічку на крыжы «Пакутнікам Беларусі». Што датычыць мемарыяльнага знака «Ад народа ЗША народу Беларусі дзеля памяці», дык зафіксавана 12 выпадкаў вандалізму.

У снежні 2005 гады невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і малюнак Курапацкай Божай Маці мастака Аляксея Марачкіна. Не раз ламалі і крыжы. Па фактах вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні «Дзядоў» быў зламаны Крыж Пакутаў, актывісты КХП БНФ аднавілі яго.

Грамадскасць звярнулася да ўладаў з заклікам забяспечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленне ўнутраных справаў Менскай вобласці прапанавала плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках