Грамадзяніна ЗША Зэльцэра этапуюць у калонію Магілёва
5- 12.11.2008, 14:53
Амэрыканскі грамадзянін Эмануіл Зэльцэр, які з сакавіка гэтага года знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі, будзе адбываць пакараньне ў магілёўскай калёніі агульнага рэжыму. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў адвакат Зьміцер Гарачка, які абараняе асуджаных. Стан здароўя асуджанага выклікае сур'езныя засцярогі.
«Эмануіла Зэльцэра адправілі па этапе ўвечары 11 лістапада, Уладлену Функ выправяць у суботу, 15-га. Баюся, як Эмануіл Зэльцэр перажыве этап, бо ягоны стан здароўя вельмі дрэнны, а любы этап — цяжкае выпрабаваньне», — сказаў Зьміцер Гарачка.
Сакратарку амерыканскага адваката Ўладлену Функ адправяць у жаночую калёнію ў Гомелі.
Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр быў асуджаны Менскім гарадзкім судом да 3 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы, але ніколі не прызнаваў сябе вінаватым. Гэтаксама як і Уладлена Функ (Брускова), якую асудзілі на год зьняволеньня.
Урад ЗША неаднаразова хадайнічаў аб вызваленьні Э.Зэльцэра і У.Функ дзеля меркаваньняў гуманнасьці, але абое застаюцца за кратамі.
У ЗША сваякі Э.Зэльцэра мяркуюць, што да ягонага арышту прычыніўся расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які гэтыя абвінавачаньні рашуча абвяргае.