Велізарныя штрафы вынесеныя беларусам за «перапрашыўку» тэлефонаў
14- 4.11.2008, 9:51
Суд Маскоўскага раёна Брэста 31 кастрычніка вынес прысуд у адносінах 30-гадовага радыёмеханіка адной з арганізацый абласнога цэнтра і 28-гадовага непрацуючага жыхара Камянецкага раёна.
Падчас следства усталявалі, што радыёмеханік за грошы змяніў унікальны электронны нумар тэлефона (ведаючы, што мабільны крадзены). Тэлефон яму прынёс жыхар Камянецкага раёна. Радыёмеханік з дапамогай кампутарнай тэхнікі пракруціў такую ж справу з яшчэ пяццю тэлефонамі. За сваю працу ён браў ад 20 да 50 тысяч рублёў, паведамляе БелаПАН
Пасля «перапрашыўкі» практычна немагчыма знайсці зніклы мабільны тэлефон і вярнуць яго законнаму ўладальніку.
Мужчын абвінавацілі ў злачынстве па артыкуле «Мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі». Радыёмеханік прысуджаны да штрафу ў 3,5 мільёны рублёў, непрацуючы жыхар Камянецкага раёна, раней судзімы за крадзяжы, — да абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год.
Як адзначыў начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Галодка: "Упершыню ў краіне вынесены прысуд асобам, што здзейснілі такое злачынства. І яго можна назваць дзейснай прыладай уплыву на тых, хто займаецца падобнай супрацьпраўнай дзейнасцю, звязанай з замахамі на мабільныя тэлефоны грамадзян".