У Менску знайшлі выбуханебяспечны пакет
- 3.12.2008, 8:31
Група працоўных падчас ачысткі рэчышча Сляпянскай воднай сістэмы недалёка ад перакрыжавання вуліц Філімонава і Кядышкі натыкнулася на невялікі белы пакет.
У пакеце знаходзіліся прадметы, вельмі падобныя на боепрыпасы. Працоўныя выклікалі міліцыю.
— У пакеце мы знайшлі трацілавую і дымавую шашкі, тры шумавых імітатара разрыва артылерыйскага снарада і два імітатара міны, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні вайсковых вучэнняў, — распавёў «Советской Белоруссии» старэйшы інжынер выбухатэхнічнага цэнтра ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Гаўрук, які выязджаў на размініраванне. — Яшчэ адзін невялікі шумавы імітатар нашы спецыялісты знайшлі пры наступным абследаванні вадаёма.
Чаму небяспечны пакет апынуўся ў канале, яшчэ маецца высвятліць. Але, па словах спецыялістаў, да знаходак часоў войны гэтыя выбуховыя рэчывы не адносяцца. Затое захавалася маркіроўка. Па ёй, магчыма, і змогуць усталяваць уладальніка.