Для паездкі ў Расею запатрабуецца страхоўка
14- 9.12.2008, 16:05
З 1 студзеня 2009 года ўезд аўтатранспарту ў Расею будзе ажыццяўляцца толькі па страхоўцы ў межах АСАГА ці па «Зялёнай карцы».
«Транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў замежных дзяржавах, змогуць ўязджаць на тэрыторыю Расеі толькі пры ўмове страхавання ў межах Закона аб АСАГА (Аб абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў), альбо пры наяўнасці «Зялёнай карткі», - паведамілі агенцтву «Интерфакс-Запад» у прэс-службе МЗС Беларусі.
«Забараняецца выкарыстанне транспартных сродкаў, уладальнікі якіх не выканалі вызначаны абавязак па страхаванні рызыкі грамадзянскай адказнасці, якая можа надыйсці з прычыны прычынення шкоды жыццю, здароўю ці маёмасці іншых асобаў», - удакладнілі ў МЗС.
Дзеля пазбягання канфліктных сітуацыяў і забеспячэння бесперашкоднага ўезду транспартных сродкаў на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі МЗС рэкамендуе пры перасячэнні мяжы Расеі ўладальнікам транспартных сродкаў «прад'явіць дзейсную дамову (поліс) абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, заключаны ў адпаведнасці з Законам аб АСАГА, ці страхавы сертыфікат «Зялёная картка», які таксама будзе дзейнічаць на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ў межах міжнародных сістэмаў страхавання грамадзянскай адказнасці з 1 студзеня 2009 года».
Кантроль за выкананнем уладальнікамі транспартных сродкаў абавязку па страхаванні грамадзянскай адказнасці ў пунктах пропуску на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі ўскладзены на Федэральную мытную службу Расеі, удакладнілі ў МЗС Беларусі.