Шок: побач з масавымі пахаваннямі сметнік
- 1.02.2008, 10:03
У даведніках Беларусь часта называюць краінай, дзе вайсковаму мінуламу надаецца адмысловае значэнне. Студэнты-гісторыкі ўніверсітэта Бона вырашылі ўпэўніцца ў гэтым і адправіліся ў Беларусь.
У лістападзе 2007 года група студэнтаў Боннскага ўніверсітэта пры фінансавай падтрымцы фондаў «Памяць, адказнасць і будучыня», «Zeit», DAAD, а таксама фонду імя Фрыдрыха Наўмана, арганізавала паездку ў Беларусь. Маладых людзей найперш цікавіла, што жыхары краіны, пацярпелай ад фашысцкай акупацыі, ведаюць і памятаюць пра вайсковыя падзеі, паведамляе «Нямецкая хваля».
Каардынатарам паездкі з беларускага боку выступіла беларуска-нямецкая грамадзянская ініцыятыва «Гістарычная майстэрня», якая адкрылася ў Менску яшчэ ў 2003 годзе. Гэты сумесны праект займаецца даследаваннем так званых «белых плям» у гісторыі.
Расколатая памяць
За тыдзень знаходжання ў Менску нямецкія студэнты змаглі супаставіць трактоўку падзей Вялікай айчыннай вайны з афіцыйнага пункту гледжання з пазіцыяй незалежных гісторыкаў і асабістымі ўспамінамі відавочцаў.
«Мы былі здзіўленыя, што бакі па-рознаму ацэньваюць некаторыя гістарычныя падзеі. Трэба адзначыць, што беларускай культуры памяці ўласцівыя адсутнасць цэласнасці і празрыстасці», – гаворыць арганізатар паездкі з нямецкага боку Брыта Ленц.
З ёй згаджаецца і Святлана Байхэ, другая арганізатарка паездкі:
«Беларускую культуру памяці можна падзяліць на афіцыйную, апазіцыйную і прыватную. Шматлікія тэмы дагэтуль застаюцца табу. Вядома, яны абмяркоўваюцца ў кругу знаёмых, але не выносяцца на суд грамадскасці».
Падручнікі могуць пісаць толькі абраныя гісторыкі
Святлану Байхэ вельмі ўразіла сустрэча з двума вайсковымі гісторыкамі, якія прадстаўляюць процілеглыя погляды Ігарам Кузняцовым і Анатолем Шарковым. Апошні распавёў нямецкім студэнтам, як у Беларусі адбываецца працэс адбору інфармацыі пра Другую сусветную вайну для напісання навучальных дапаможнікаў.
«Падручнікі могуць пісаць толькі абраныя гісторыкі, бо менавіта яны маюць доступ да архіваў! Акрамя таго, гісторыкам рэкамендаванае выключаць з зместу падручнікаў супярэчлівыя факты. Атрымліваецца, што беларускіх студэнтаў пазбаўляюць магчымасці крытычнай ацэнкі гістарычных падзей!» – абураецца Святлана.
Студэнтка адзначае, што на прыкладзе такога падыходу захавання гістарычнага досведу можна судзіць і аб складанасцях правядзення гістарычных даследаванняў у цэлым. На думку Святланы, апісанне гісторыі ў афіцыйна-дазволеных рамках прыводзіць да скажэння фактаў і замінае здаровай навуковай дыскусіі.
А Брыта Ленц закранула іншую праблему:
«Маё найглыбейшае ўражанне ад паездкі – гэта наведванне лагера Трасцянец. Калі ўсвядоміш, што ты практычна стаіш на масавым пахаванні, а побач размешчаны сметнік, адчуваеш глыбокі шок. Мяне ўразіла такая адсутнасць увагі да помніка гісторыі. Такое дапушчаць нельга!»