Беларусам падкажуць, як перамагчы ідыёта ў сабе
16:51, — Грамадства
У Беларусі выдадзеныя самыя вядомыя ў свеце кнігі "Як працаваць на ідыёта" і "Як выжыць сярод ідыётаў" Джона Хувера. Іх прэзентацыя адбылася ў межах Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая 10 лютага завяршыла працу ў выставачным комплексе "Белэкспа".
Кнігі выдатнага бізнес-кансультанта і псіхолага Дж.Хувера цяпер можна набыць у беларускіх кнігарнях. Гэтыя дапаможнікі сталі бестсeлерамі на Захадзе, а цяпер даступныя і ў Беларусі, праўда, толькі ў перакладзе на рускую мову, паведамляе БелаПАН.
Перакладам і выданнем займалася выдавецтва "Граўцоў Паблішэр", якое ўжо вядома сваёй працай з замежнымі аўтарамі. Але новая серыя кніг выбіваецца з рэчышча звычайнай бізнес-літаратуры. Дж.Хувер у іранічнай форме распавядае, як працаваць, калі начальнік падаецца ідыётам. Таксама ён звяртае ўвагу на тое, як перамагчы ідыёта ў сабе, класіфікуе людзей на тыпы і дае карысныя парады. Для начальнікаў гэта цікава тым, што дапаможа змяніць сябе і заваяваць давер у супрацоўнікаў.
Паводле слоў дырэктара выдавецтва "Граўцоў Паблішэр" Дзмітрыя Міценкова, кнігі ўжо карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод беларускіх чытачоў, але і расійскіх, бо гэта першае выданне на рускай мове. "Мы атрымалі вельмі незвычайную тэлеграму з Масквы з просьбай тэрміновай дастаўкі кніг туды, — зазначыў Д.Міценкоў. — У будучым мы плануем парадаваць чытача працягам гэтай серыі. Аднак трэцюю кнігу сам аўтар пакуль яшчэ не здаў у амерыканскае выдавецтва, таму давядзецца пачакаць".




