9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: Інфляцыя ў краіне расце хутчэй за зарплату

4

У студзені інфляцыя на спажывецкім рынку зноў палезла ўверх. Міністр статыстыкі і аналізу Уладзімір Зіноўскі паведаміў, што па дачыненні да снежня цэны павялічыліся не менш як на 2%. Найперш, падаражэлі камунальныя паслугі і прадукты харчавання.

Рост цэн на харчовыя тавары на ўнутраным рынку даволі інтэнсіўна працягваецца з кастрычніка мінулага года. Гэта не толькі беларуская з'ява. Прадукты харчавання даражэюць ва ўсім свеце.

Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы ў Сочы з кіраўнікамі Расеі Уладзімірам Пуціным, Віктарам Зубковым і Дзмітрыем Мядзведзевым выказаў задавальненне сітуацыяй на сусветным харчовым рынку. Маўляў, беларускі аграпром мае магчымасць добра зарабіць на экспарце сваіх тавараў.

Але ці сапраўды ўзлёт цэн на прадукты харчавання для нашай краіны добрая з’ява? Ці здольны ён вырашыць фінансавыя праблемы беларускай сельскай гаспадаркі? З такімі пытаннямі сайт camarade.biz звярнуўся да былога першага намесніка старшыні Менскага аблвыканкама, які шмат гадоў адпрацаваў ў аграпрамысловым комплексе, цяперашняга старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука.

– Нават па тэлевізары было відаць, што кіраўнікі Расеі адрэагавалі на словы А.Лукашэнкі з ладнай доляй здзіўлення. Гэта і зразумела. Цяперашні рост цэн на харчаванне ў іх відавочна не выклікае радасці. Бо ён балюча б'е па жыццёвым узроўні расейскага насельніцтва.

Мала радаснага ў гэтай з'яве і для нас, беларусаў. Адна справа, калі б у нашай сельскай гаспадарцы адбывалася паніжэнне вытворчых выдаткаў. Тады рост цэн на харчаванне на знешнім рынку сапраўды паправіў бы фінансавае становішча нашых гаспадарак і перапрацоўчых прадпрыемстваў. Аднак наша сельская гаспадарка застаецца выдатковай. А энергетычныя і іншыя рэсурсы хутка даражэюць.

Таму рост цэн на прадукты харчавання змушаны. Ён следства таго, што вытворцам харчавання неабходна неяк кампенсаваць свае выдаткі, якія растуць. І гэта відавочна не той выпадак, калі трэба скакаць ад радасці і дзякаваць Бога за гэты цуд. Цуды з прыбыткамі бываюць толькі там, дзе сур'ёзна клапоцяцца аб падвышэнні эфектыўнасці эканомікі. На жаль, у Беларусі пакуль нічога такога не адбываецца. Айчынная сельская гаспадарка па-ранейшаму застаецца нізкарэнтабельнай, а ў шэрагу галін і стратнай.

Акрамя таго, рост цэн на харчаванне на знешнім рынку стымулюе і ўнутраны рост цэн. Цяпер у нашай краіне разгарнулася сур'ёзная міжведамасная барацьба. Цэны на рэсурсы зноў выраслі. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання патрабуе ў сувязі з гэтым ізноў падвысіць адпускныя цэны: на малако, кефір, смятану і тварог у сярэднім на 25%, жывёліна алей – на 47%, цвёрдыя сыры і мяса – на 16%, мясапрадукты – на 14%.

Міністэрства гандлю такое патрабаванне падтрымлівае, асцерагаючыся, што без падвышэння цэн, у тым ліку і рознічных, пачнецца масавы вываз харчовых тавараў насельніцтвам у Расею, дзе прадукты харчавання даражэйшыя, чым у Беларусі. Пазіцыі Мінсельгасхарчу і Мінгандлю супрацьстаіць Міністэрства эканомікі, якое адказвае за ўзровень інфляцыі ў краіне. Яно імкнецца ўтрымаць яго ў рамках 8% у гэтым годзе.

Але наўрад ці гэта атрымаецца ажыццявіць адміністрацыйнымі метадамі.

На гэтым фоне звяртае на сябе ўвагу запаволенне дынамікі росту рэальнай зарплаты. Так, паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, сярэднемесячная зарплата ў снежні ў параўнанні з лістападам павялічылася ў намінальным выразе на 8% да 795,4 тысячы рублёў, што ў эквіваленце складае 370 даляраў.

Пры гэтым у рэальным выразе (то бок, з улікам росту спажывецкіх цэн) зарплата ўзрасла на 5,5%.У цэлым па выніках 2007 года яна павялічылася на 8,8% у рэальным выразе. Гэта менш, чым у 2006 годзе, калі рэальная зарплата вырасла на 11,5%. Гэта значыць, інфляцыя ў краіне расце ўсё хутчэй (на 12,1% у мінулым годзе), а рэальная зарплата ўсё павольней. Яе пакупніцкая здольнасць зніжаецца і будзе зніжацца.

Мабыць, давядзецца тужэй зацягваць паясы. Вось і ўся «радасць».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках