«Газпром» адклаў адключэнне газу Украіне ... на восем гадзін
16:41, — У свеце
"Газпром" адкладае на восем гадзін тэрмін адключэння газу Украіне, запланаваны раней на раніцу аўторку, паведаміў афіцыйны прадстаўнік расейскага газавага холдынгу Сяргей Купрыянаў у прамым эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы".
Паводле яго слоў, на сёння перамовы старшыні праўлення НАК "Нафтагаз Украіны" Алега Дубіны з кіраўніком "Газпрома" Аляксеем Мілерам завершаныя і будуць працягнутыя ў аўторак. "А гэта значыць, што час спынення пастаўкі газу пераносіцца з 10 да 18 гадзін 12 лютага", – сказаў Купрыянаў.
На 12 лютага запланаваны візіт прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі ў Маскву, магчыма, у Маскве спадзяюцца, што крызіс у двухбаковых стасунках вырашыцца падчас перамоваў з украінскім прэзідэнтам.
Раней той самы Купрыянаў заявіў, што «Газпром» у аўторак адключыць Украіне газ у выпадку правалу чарговых перамоваў. Па словах Купрыянава, даччыныя таварыствы "Газпрома" атрымалі наконт адключэння адпаведныя распараджэнні.
Першы віцэ-прэм'ер РФ Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліў, што Расея будзе прадаваць газ толькі па рынкавых цэнах. «Нашы партнёры не павінны думаць, што гэта – "дарэмшчына", якая прыходзіць па прыгожых пластыкавых трубах і якую можна паліць безадносна да таго, колькі гэта каштуе», – цытуе агенцтва РІА-Новости Мядзведзева.
Такім чынам, чым скончыцца чарговая газавая вайна Расеі супраць Украіны, стане вядома заўтра ўвечары.
Тым часам, прадстаўнік выканаўчай улады Еўразвяза Ферран Таррадзельяс заявіў, што ЕЗ не мае намеру ўмешвацца ў "газавую спрэчку" паміж Расеяй і Украінай.
"Еўракамісія не ўмешваецца ў камерцыйныя спрэчкі, а гэта камерцыйная спрэчка паміж трэцімі краінамі", – сказаў ён журналістам у панядзелак.
Прадстаўнік ЕЗ таксама пацвердзіў атрыманне ад урада Украіны ліста з прапановай да Еўракамісіі правесці маніторынг паставак расейскага газу праз тэрыторыю Украіны ў ЕЗ.
Нагадаем, раней "Газпром" абвясціў, што з раніцы 12 лютага можа спыніць пастаўкі газу ва Украіну. Паводле версіі «Газпрома», на дадзены момант ва Украіне "аселі" 1,5 мільярды кубаметраў газу з РФ, і запазычанасць за яго набліжаецца да 500 мільёнаў даляраў, а агульны пратэрмінаваны доўг па пастаўках газу ва Украіну дасягнуў 1,5 мільярда даляраў.




