9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свята Свабоды

Дзень Салідарнасці 16 лютага стаў адным з найбольш масавых за апошнія месяцы па колькасці праведзеных акцый.

Актывісты кампаніі выходзілі з партрэтамі палітвязняў на Нямігу і Юбілейную плошчу, на вуліцу Кальварыйскую і праспект Пушкіна. Маладыя людзі з свечкамі ў руках стаялі ўздоўж вуліц у спальных раёнах і маліліся каля касцёла святога Язэпа. Некалькі акцый прайшлі ля сцен турмы на вуліцы Валадарскага.

Ніводнага затрыманага пры тым, што праз 5 – 10 хвілін пасля заканчэння некаторых акцый на месцы іх правядзення з'яўляліся знаёмыя хлопцы з АМАПа, нецэнзурна лаяліся і шнарылі па найбліжэйшых панадворках.

Шмат людзей лічаць, што палітвязняў пачалі вызваляць па якіх заўгодна прычынах, але толькі не з прычыны акцый салідарнасці. Часцей за ўсё пры гэтым называюць знешні ціск захаду на беларускія ўлады. Аднак пры гэтым цалкам забываюць, што гэты самы знешні ціск узнік не проста так.

Важна разумець, што сярод кіраўніцтва заходніх краін ёсць розныя палітыкі. Шматлікія з іх рады былі б заплюшчыць вочы на парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне і супрацоўнічаць з дыктатурай. Іх галоўны аргумент – гэта тое, што ў Беларусі не пратэстуюць супраць наяўнай улады і таго, што яна робіць. Але ў дэмакратычных краінах, у адрозненне ад нашай, галоўную ролю іграе грамадская думка. Да яе змушаныя прыслухвацца ўсе палітыкі. Акцыі салідарнасці ўплываюць не толькі на грамадскую думку ў Беларусі, але і, магчыма, нават у большай ступені, на грамадскую думку заходніх краін.

Таму сёння кожны палітык на Захадзе, які ўплывае на прыняцце рашэнняў па нашай краіне, ведае, што ў Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя.

У СССР таксама былі людзі, якія сядзелі ў турмах за свае перакананні. Яны былі вядомыя на захадзе. У 80-ыя гады савецкая эканоміка ўжо набліжалася да свайго краху і краіне патрэбныя былі заходнія крэдыты і тэхналогіі. Але перад падпісаннем кожнай дамовы заходнія дыпламаты прад'яўлялі савецкаму ўраду спіс палітычных зняволеных, якіх ён павінен быў вызваліць. І іх вызвалялі, таму што іншага выхаду не было.

Як цяпер няма іншага выхаду ў беларускіх улад.

І яны змушаныя былі вызваліць Фінькевіча, Дашкевіча, Клімава, Севярынца і Статкевіча. І вызваляць астатніх. Таму што ад гэтага залежыць будучыня краіны, а значыць, і іх будучыня.

Магчыма, цяпер улады чакаюць, што пасля выхаду часткі палітвязняў, барацьба за вызваленне астатніх пойдзе на спад. Гэтага нельга дапусціць. Таму акцыі салідарнасці будуць працягвацца. Да таго моманту, пакуль на свабоду не выйдзе апошні палітвязень, да таго моманту, пакуль нашых людзей не спыняць хапаць сярод белага дня і па хлуслівых абвінавачваннях кідаць за краты, да таго моманту, пакуль мы не даведаемся пра ўсю праўду аб знікненнях лідэраў апазіцыі.

Учора позна ўвечары сустрэліся з групай нашых таварышаў, якія глядзелі трансляцыю бою Ляховіча з Валуевым і бурна абмяркоўвалі палітычную сітуацыю. Пацешыў аптымізм у гутарках, якога так часта бракавала раней. Жартам хтосьці спытаў, што ж будзе з Днямі Салідарнасці, калі ўсе палітычныя выйдуць на свабоду. Раптам камера захапіла бел-чырвона-белы сцяг у руках аднаго з балельшчыкаў. І усе, не змаўляючыся, радасна закрычалі і запляскалі. І адказ на пытанне адразу знайшоўся.

Прыйдзе час, калі Беларусь забудзе дыктатуру і рэпрэсіі, а дзень салідарнасці стане святам Свабоды.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках