9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іна Кулей: «Мілінкевіча дапытваюць па крымінальнай справе, заведзенай пасля мітынгу 10 студзеня»

Сёння ў Менску быў затрыманы лідэр руху «За Свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч. Як распавяла прэс-цэнтру Хартыі’97 жонка А.Мілінкевіча Іна Кулей, якая знаходзілася побач з ім у момант затрымання, усё адбылося даволі хутка і цалкам нечакана.

«Калі мы праходзілі каля дома-музея РСДРП, да нас падышлі нейкія людзі. Не прадставіўшыся, яны сказалі, што хацелі б дапытаць Мілінкевіча па крымінальнай справе, заведзенай пасля мітынгу 10 студзеня, і, не даўшы апамятацца, літаральна падхапілі Мілінкевіча пад рукі і пасадзілі ў машыну. Аднак па законе на допыт павінны выклікаць позвай, а гэта атрымліваецца ўжо выкраданне», – распавяла Іна Кулей пра тое, як адбывалася затрыманне.

Яна таксама выказала здагадку, што па гэтай самай прычыне былі затрыманыя грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык і адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў.

Па словах І.Кулей, гэткае жорсткае стаўленне з боку ўлад да ўдзельнікаў акцый пратэстаў прадпрымальнікаў можна растлумачыць толькі страхам улад перад нарастаннем пратэстнага настрою як у грамадстве ў цэлым, так і ў прадпрымальніцкім асяродку. «Мы бачым, што людзі сёння настроеныя рашуча, яны гатовыя да сур'ёзнай барацьбы за свае правы і не маюць намеру адыходзіць. А цяперашняя ўлада больш за ўсё баіцца масавых пратэстаў, таму і дзейнічае жорстка – збівае, затрымлівае, штрафуе, судзіць. Але людзі навучыліся аб'ядноўвацца, людзі ўмеюць сёння быць салідарнымі, у гэтым іх сіла. Таму ніякімі рэпрэсіямі людзей не спыніш», – падкрэсліла Іна Кулей.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках