Справа аб выкрадзеных мільярдах
- 19.02.2008, 14:54
Слуханне справы ў дачыненні арганізаванай злачыннай групы з удзелам банкаўскіх службоўцаў па факце крадзяжу больш як 151 мільярдаў рублёў разглядаецца ў судзе Маскоўскага раёна Менска. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні КДК – дырэктар дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Сяргей Бараноўскі.
Ён таксама адзначыў, што правядзенне праверачных мерапрыемстваў у банкаўскай сферы зводзіцца не толькі да адпрацоўкі пытанняў, звязаных з крэдытаваннем. Сітуацыя ў крэдытна-фінансавай сферы сведчыць пра тое, што пад прыкрыццем банкаў, непасрэдна самімі банкаўскімі службоўцамі нярэдка здзяйсняюцца пазапраўныя фінансавыя аперацыі, крадзяжы грашовых сродкаў, легалізаванне сродкаў, здабытых злачынным шляхам, рэалізацыя нелегальных фінансавых схем, у тым ліку з выкарыстаннем лжэпрадпрымальніцкіх структур, паведамляе «Белорусский партизан».
Так, пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў ДФР была выяўленая і перарваная дзейнасць арганізаванай злачыннай групы асоб, у склад якой уваходзілі 3 службовыя асобы аднаго з камерцыйных банкаў Менска. Гэтая група ў 2006 годзе з выкарыстаннем банкаўскіх вэксаляў, эмітаваных банкамі рэспублікі, а таксама дакументаў і рэквізітаў лжеструктур Расеі і Латвіі, у ценявое абарачэнне вывела звыш як Br151 млрд.
Падчас следства семярым сябрам арганізаванай злачыннай групы прад'яўленыя абвінавачванні па артыкуле за пазапраўную прадпрымальніцкую дзейнасць, якая ажыццяўляецца арганізаванай злачыннай групай, а банкаўскім працаўнікам, акрамя таго, – за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, пацягнуўшае цяжкія наступствы. Падчас следства накладзены арышт на грашовыя сродкі ў суме Br1,58 млрд. з якіх Br0,38 млрд. ужо паступілі ў прыбытак дзяржавы.