9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнік абвясціў галадоўку наўпрост у судовай залі

2

Актывіст кампаніі "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Крываль асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне прыняў 19 лютага суддзя суду Уздзенскага раёна Валянцін Вердыш.

Як паведаміла БелаПАН грамадская актывістка Ларыса Насановіч, якая прысутнічала на слуханнях у судзе, В.Крываль прызнаны вінаватым у распаўсюджванні ўлётак "антыдзяржаўнага характару", з заклікамі ўзяць удзел у мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў у Менску 18 лютага.

Дзве ўлёткі, а таксама сем асобнікаў недзяржаўнай газеты "Новы час" былі знойдзеныя 16 лютага ў аўтамабілі В.Крываля. На наступны дзень ён быў затрыманы.

Суд над Крывалём мусіў адбыцца 18 лютага, аднак пасля таго, як падсудны высунуў патрабаванні даць яму адваката і весці пасяджэнне на беларускай мове, слуханні перанеслі на наступны дзень.

Па словах Л.Насановіч, сёння суддзя Вердыш адхіліў хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове. У сваю чаргу прадпрымальнік адмовіўся адказваць на рускамоўныя пытанні. У выніку суддзя размаўляў з Крывалём праз адваката. "Ніводны з сведак абвінавачвання – а іх было трое (супрацоўнік праваахоўных органаў, дырэктар рынку і кантралёр рынку) – не пацвердзілі факт распаўсюджвання ўлётак антыдзяржаўнага характару. Яны бачылі толькі, як Віктар раздаваў газету "Товарищ", – распавяла Насановіч.

Яна таксама паведаміла, што 17 лютага ў знак пратэсту супраць пазапраўнага затрымання В.Крываль абвясціў галадоўку. Акрамя таго, у зале суду прадпрымальнік заявіў, што ў ізалятары часовага ўтрымання вельмі дрэнныя ўмовы – холадна (7-8 градусаў цяпла), адсутнічае вада і туалет.

Варта адзначыць, што 27 лютага ў судзе Менскага раёна і горада Заслаўль павінен адбыцца яшчэ адзін суд над В.Крывалём – па абвінавачванні ў "непадпарадкаванні патрабаванням працаўнікоў міліцыі".

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках