У Палацы мастацтва адкрылася выстава, прысвечаная 90-годдзю БНР (Фота)
2
16:48, — Культура
У Менску ў Палацы мастацтва 20 лютага адкрылася выстава Алеся Цыркунова "Край, абуджаны гэйналам", арганізаваная з нагоды 60-годдзя мастака і прысвечаная двум юбілеям: 170-годдзю з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага і 90-й гадавіне абвяшчэння БНР.
На выставе прадстаўленыя больш за сто твораў мастака. Дамінанта выставы – гістарычная і патрыятычная тэматыка, ёсць працы на тэмы рэлігіі, этнасу, барацьбы і супраціву фашысцка-бальшавіцкаму тэрору і генацыду.
"Праз свае творы мастак павінен будзіць народ", – сказаў БелаПАН А.Цыркуноў. Адгэтуль і назоў экспазіцыі: "гэйнал" – гэта сігнал, які падавалі з вартавых веж як знак набліжэння смяротнай небяспекі, і на яго гук тут жа склікалася народнае апалчэнне. "Мастацтва – гэта сродак нападу, але не агрэсіўнага, а такога, каб разварушыць сонную чалавечую душу, каб чалавек стаў жыць і дыхаць свежым паветрам", – лічыць мастак.
А.Цыркуноў таксама вылучыў найбольш значныя, на яго думку, творы выставы. Сярод іх – "У нашым гаі палескім". "Дубы-волаты гэтаксама, як і людзі. У нас быў Сапега, былі Агінскія і маса іншых тытанаў гісторыі, якія ахвяравалі сабою, сваімі сродкамі, каб мы пачуваліся годнымі людзьмі. А цяпер дубы зрэзаныя, знішчаныя, сядзібы запушчаныя…" – так распавядае аўтар пра гэтую працу. На яго думку, тэму асветы найбольш ярка адлюстроўвае праца "Францыск Скарына", бальшавіцкага тэрору – "Курапаты", рэлігіі – "Плашчаніца".
"Адабраныя для выставы працы амаль што ўсе – у суровым стылю, таму што суровая наша гісторыя і наша існаванне. Разам з тым у гэтай грубасці ёсць свой гумар", – адзначыў мастак.
"Выстава адрозніваецца тым, што мастак цікавіцца беларускай гісторыяй і лёсам свайго народа. Ён выконвае сваю місію быць сведкам тых падзей, якія адбываюцца або ўжо адбыліся ў Беларусі", – сказаў дырэктар галерэі Палаца мастацтва Сяргей Крыштаповіч.
Выстава будзе працаваць да 3 сакавіка.

"Плашчаніца"


Алесь Цыркуноў

Вітаўт Вялікі "Выправа на Грунвальд"


Трытвор "Адвечнае святло Беларусі"

Андрэй Саннікаў і Алесь Марачкін

Зміцер Саўка з сям'ёй

Алесь Цыркуноў разам з унукам


"Трытвор "Полымя"

Зміцер Бандарэнка, Мікола Купава і Алесь Марачкін

"Пакліканыя і ўтрапёныя прадвечнаю воляй"

"Віленскія святары Беларушчыны"
Навіны
па тэме




