9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

25 Сакавіка пройдзе агульнанацыянальны дыктант па беларускай мове

На 25 сакавіка ў Беларусі запланаванае правядзенне агульнанацыянальнага дыктанта па беларускай мове, прысвечанага 90-годдзю абвяшчэння незалежнасці БНР. Пра гэта 21 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў старшыня Менскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "БНФ "Адраджэньне" Віктар Івашкевіч.

Паводле яго слоў, дыктант павінен стаць "дэманстрацыяй любові і павагі да роднай мовы". "Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр абвясцілі конкурс на тэкст дыктанта. Удзел у ім грамадскіх дзеячаў, кіраўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў будзе садзейнічаць падтрымцы і абароне мовы, яе ўдасканаленню і падвышэнню статусу ў грамадстве", – адзначыў В.Івашкевіч.

Як лічыць ініцыятар правядзення дыктанта кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол, удзел у гэтай акцыі, якая праводзіцца ў шматлікіх краінах, "дазваляе зрабіць беларускую мову сцягам, шэсцем і дэманстрацыяй". "Напісаны тэкст можна пакласці ў сямейны архіў, захаваць для нашчадкаў, перадаць ім як унікальнае сведчанне павагі да беларускай самабытнасці. А хто хоча ўзяць удзел у конкурсе на якасць валодання мовай, можа здаць тэкст у камісію па падвядзенні вынікаў. Пераможцы атрымаюць прызы", – сказаў У.Падгол. Паводле яго слоў, фотавыставу матэрыялаў дыктанта мяркуюць павезці па тых краінах, дзе жывуць беларусы, а таксама экспанаваць у будынку сакратарыята ААН у Нью-Ёрку.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што "закон аб мовах не выконваецца, службоўцы выкарыстоўваюць яго для дыскрымінацыі беларускамоўнай часткі грамадства, у краіне адсутнічае ўпарадкаванне заканадаўства на роднай мове". Вось чаму, паводле яго слоў, такія акцыі, як дыктоўка, "дазваляюць беларусам адстойваць свае надзённыя лінгвістычныя правы".

Старшыня "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў адзначыў, што дыктант будзе праводзіцца 25 сакавіка кожную гадзіну, з 10.00 да 18.00. Заяўкі на выдзяленне памяшканняў накіраваныя ў самыя буйныя бібліятэкі сталіцы. "Тое ж самае мы прапаноўваем зрабіць прыхільнікам роднай мовы ў рэгіёнах. Калі нам адмовяць, дыктант пройдзе ў офісах палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў", – сказаў А.Трусаў. Плануюць, што гэтая агульнанацыянальны дыктант стане традыцыйным.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках