Пагадненьне пра адкрыцьцё офісу Еўракамісіі падпішуць 7 сакавіка?
- 28.02.2008, 11:14
Падпісаньне пагадненьня паміж Еўразьвязам і Беларусьсю аб адкрыцьці ў Менску офісу Еўракамісіі (выканаўчай улады Еўразьвязу) заплянаванае на 7 сакавіка. Пра гэта Радыё “Свабода” сёньня раніцай пры ўмове ананімнасьці паведаміў высокапастаўлены чыноўнік Еўразьвязу.
Ён прынамсі сказаў: “Мы чакаем, што 7 сакавіка віцэ-міністар замежных справаў Беларусі спадар Валеры Варанецкі паставіць свой подпіс пад гэтым дакумэнтам. Падпісаньне пагадненьня пройдзе ў Брусэлі”.
Дагэтуль беларускімі справамі займаецца офіс Еўракамісіі, які знаходзіцца ў Кіеве і ахоплівае сваёй дзейнасьцю Ўкраіну ды Беларусь. Дарэчы, на пачатку сваёй працы гэты офіс займаўся і Малдовай. Але ўжо больш за два гады таму ў Кішынэве пачаў працаваць самастойны офіс.
Еўразьвяз прапанаваў беларускім уладам стварыць самастойны офіс у Менску яшчэ ў 2005 годзе. Але сваю згоду на гэта Аляксандар Лукашэнка даў толькі праз два гады. Менавіта ён даручыў Валеру Варанецкаму падпісаць неабходныя дакумэнты.