9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі сталі часта гінуць журналісты

4

За апошнія гады ў Беларусі пры не высветленых абставінах загінулі некалькі журналістаў. Апошні з іх – Вячаслаў Ткач, які, паводле версіі следства, здзейсніў самазабойства на сямейна-пабытовай глебе.

Паводле папярэдніх дадзеных следства, прыкмет гвалтоўнай смерці на целе знойдзенага павешаным у лесе пад Менскам журналіста газеты «Комсомольская правда в Беларуси» Вячаслава Ткача не выяўленае. У 41-гадовага журналіста засталася маці, жонка і малалетні сын, адзначае «Нямецкая хваля».

Ненатуральныя смерці супрацоўнікаў СМІ ў Беларусі рэдкія, а таму любыя знешнія аналогіі адразу кідаюцца ў вочы.

Так, пяць з паловай гадоў таму ў лесе пад Маладзечна было знойдзена цела вядомага ўкраінскага журналіста Міхаіла Каламійца. 44-гадовы дырэктар «Українських новин» таксама быў павешаны, слядоў гвалту не знойдзенае. Знаёмыя і маці Каламійца заявілі, што не вераць у самазабойства.

Крывавы рахунак

20 кастрычніка 2004 года ў сваёй менскай кватэры знойдзеная мёртвай журналістка недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава. На трупе – мноства нажавых раненняў. Дагэтуль знайсці забойцу або матыў не атрымалася.

Пазаштатны карэспандэнт газеты «Народная воля» Васіль Гароднікаў знойдзены ў сябе дома ў Заслаўлі мёртвым. Смерць, паводле дадзеных следства, наступіла ад чэрапна-мазгавой траўмы ў выніку, цытую, «кантакту з тупым прадметам».

«Следства ўсталявала, што ён, нібыта, пакончыў з сабою або гэта была выпадковая смерць. Але там таксама была незразумелая смерць. Яна здарылася на наступны год пасля смерці Веранікі Чаркасавай», – распавядае намеснік старшыні «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Андрэй Бастунец.

Адносна добра

Згодна з вынікамі даследавання Міжнароднага інстытута бяспекі навін, апублікаваным у мінулым годзе, за апошнія дзесяць гадоў ва ўсім свеце гвалтоўнай смерцю памерлі каля тысячы журналістаў. Першае месца па колькасці загінуўшых супрацоўнікаў СМІ займае Ірак (138 чалавек), Расея трымаецца на другой пазіцыі (88 смерцяў), Украіна заняла 14 месца – 17 загінуўшых.

«Безумоўна, што тычыцца смерці і выпадкаў фізічнага гвалту над журналістамі, Беларусь, слава Богу, знаходзіцца ў больш-менш нармальнай сітуацыі. – адзначае Андрэй Бастунец. – Мы ведаем, што і ў той жа Расеі шмат журналістаў гіне падчас выканання прафесійных абавязкаў і ў іншых краінах, не гаворачы ўжо пра нееўрапейскія дзяржавы. У гэтым сэнсе Беларусь выглядае больш-менш добра».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках