Бацькі за дзяцей адказваюць?
3
9:28, — Палітыка
Пасьля мітынгаў прадпрымальнкаў 10 і 21 студзеня, у якіх 17-гадовая Алена Макарэвіч прымала актыўны ўдзел, яе маці пад пагрозаю зваленьня з працы выклікалі ў аддзел КДБ Фрунзенскага раёну, дзе прапанавалі падпісаць заяву аб тым, што Алёна больш ня будзе займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю.
Маці дзеўчыны, безумоўна, адмовілася ад такой “прапановы”. Тады супрацоўнікі КДБ пагражалі маці завесьці крымінальную справу па артыкуле 193’1 – “удзел у незарэгістраванай арганізацыі” на яе дачку. У якасьці доказу маці паказалі некалькі дыяфільмаў, зьнятых на Эўрапейскім маршы і апошніх мітынгах прадпрымальнікаў, дзе фігуравала Алена, паведамляе прэс-служба “Маладога Фронту”.
Супрацоўнікі КДБ патлумачылі жанчыне, што загад завесьці “крыміналку “ на маладафронтаўку прыйшоў да іх адразу пасьля Эўрапейскага маршу, але пазьней гэтую справу было вырашана прыпыніць. Калі Алена і надалей будзе актыўна удзельнічаць у акцыях пратэсту, крымінальная справа будзе адноўлена.
Як даведалася Алена, дырэктар школы, дзе навучаеца дзяўчына, быў таксама выкліканы ў КДБ і Міністэрства адукацыі ў камісію па справах непаўнагадовых. Нагадаем, увосені, адразу пасьля Эўрапейскага маршу з Міністэрства адукацыі прыйшла пастанова аб выключэньні Алена Макарэвіч са школы.
Пад ціскам грамадзкасьці дырэктар Грыб Васіль Васільевіч быў вымушаны скасаваць загад. Некалькі дзён назад сытуацыя паўтарылася. На школьным савеце прафіляктыкі ў чарговы раз спадар Грыб пагражаў Алене й яе маці адлічэньнем дзяўчыны са школы. Акрамя гэтага, дырэктар дэтальна распытваў маладафронтаўку пра пратэстанцкую царкву, верніцай якой з’яўляецца Алена.
“Калі я адмовілася даваць тлумачэньні наконт маіх рэлігійных поглядаў і царквы, якую я наведваю, дырэктар школы пачаў крычаць на мяне, заявіў, што пратэстанцкая царква – гэта сэкта, якая дурыць нам галовы і ашуквае людзей, - кажа Алена Макарэвіч, - я, безумоўна, такой абразы не пацярпела і выйшла з кабінэту”.





