23 сям'і пазбавіліся жылля ў Менску за няплату паслуг ЖКГ
12:41, — Грамадства
У 2007 годзе за няплату паслуг ЖКГ у Менску былі выселеныя з кватэр 23 сем'і.
Пра гэта паведаміла БелаПАН галоўная бухгалтарка Менскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Таццяна Жабрун.
Як паведамлялася раней, у 2006 годзе былі выселеныя 14 сем'яў. Усяго ў 2007 годзе на высяленне былі пададзеныя 137 пазоваў. Тэрмін няплаты, які сканчаецца высяленнем, як правіла, перавышае шэсць месяцаў, а сумы складаюць ад 2 да 5 млн. рублёў.
Як паведаміла Т.Жабрун, летась былі выдадзеныя 88 747 загадаў аб адключэнні вады, газу і святла за няплату. У 34 600 кватэрах усе камунальныя паслугі былі адключаныя.
У суды пададзеныя 14 097 пазоваў на спагнанне даўгоў на 5 млрд. 820 тыс. рублёў. Здаволеныя 12 035 пазоваў на суму 4 млрд. 803 млн. рублёў, адмоўлена ў 463 пазовах на суму 207 млн. рублёў. Цяпер на разглядзе ў судах знаходзіцца 1 599 пазоваў на суму 811 млн. рублёў.
Як паведаміла спецыялістка, запазычанасць менчукоў па камунальных плацяжах на 1 студзеня 2008 года склала 6,081 млрд. рублёў.




