Участковыя і супрацоўнікі РАУС спецзнакаў на праезд не маюць
3
8:42, — Грамадства
Супрацоўнікі праваахоўных органаў насуперак Закону “Аб ільготах” захавалі права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце.
Але, як стала вядома Еўрарадыё, участковыя, якія амаль цэлы дзень праводзяць на нагах, і супрацоўнікі РАУС такога права не маюць. Бо ў іх няма “спецзнака”. І кантралёры маюць права іх штрафаваць. Праўда, у хуткім часе спецзнакі ім абяцаюць выдаць.
Указ Лукашэнкі “Аб спецзнаках” дазволіў супрацоўнікам праваахоўных органаў вярнуць сабе права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Але, як паведаміў кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Міхаіл Вавула, далёка не ўсе супрацоўнікі пракуратуры насамрэч гэтае права маюць.
“Зараз нам прадастаўлена такое права, але не ўсім. Тым асобам, якія па сваіх службовых паўнамоцтвах здзяйсняюць нагляд за выкананнем заканадаўства, расследуюць крымінальныя справы. Такія асобы маюць гэта права, і ім выдалі жэтоны, так званыя спецзнакі, якія і даюць права на бясплатны праезд”, кажа Міхаіл Вавула.
Па яго словах, супрацоўнікі праваахоўных органаў павінны прад’яўляць кантралёрам свой спецзнак па першым іх патрабаванні.
Кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры кажа, што такія спецзнакі выдаюцца толькі тым супрацоўнікам пракуратуры, хто зараз там працуе. Тыя, хто толькі вучыцца альбо сыйшоў на пенсію, права бясплатнага праезду не маюць.
Тое, што супрацоўнікі міліцыі бясплатна ездзяць на грамадскім транспарце па горадзе дзякуючы спецзнакам, прызнаў і выканаўца абавязкаў кіраўніка прэс-службы МУС Алег Слепчанка. Праўда, не ўдакладніў хто канкрэтна. Не захацеў ён і адказваць на пытанне, ці маюць такое права і такія знакі, да прыкладу, курсанты Акадэміі міліцыі.
І дадаў, што праект закону, які вызначыць, хто з міліцыянераў мае права ездзіць бясплатна, ужо ляжыць ва ўрадзе. Праўда не стаў удакладняць, што і каму там плануюць пераразмеркаваць.
Але, як стала вядома Еўрарадыё, звычайныя ўчастковыя інспектары і супрацоўнікі РАУС ніколі спецзнакаў не мелі. Сёння міліцэйская форма не з’яўляецца для іх праязным білетам. Таму яны вымушаныя набываць праязныя альбо ездзіць на ўласным аўтамабілі па службовых справах. Як паведаміў участковы інспектар Алег Лешчанка, спецзнакаў ні ў каго з супрацоўнікаў РАУС пакуль няма, але абяцаюць у хуткім часе выдаць.
Атрымліваецца, што на працягу 13 год, калі ўступіў у сілу Закон “Аб спецзнаках”, участковыя і супрацоўнікі РАУС парушалі закон. Ездзіць бясплатна яны маглі толькі маючы спецзнакі. Толькі міліцэйская форма. Якая служыла ім замест праязнога.
Па словах начальніка фінансава-эканамічнага ўпраўлення Мінтрансу Ганны Міхайлоўскай, кантралёры і рэвізоры ведаюць пра сваё права патрабаваць у міліцыянераў паказаць спецзнак. І карыстаюцца ім.
Вось толькі, ці штрафавалі ўжо кагосьці ў форме, але без спецзнаку, супрацоўніца Мінтрансу не ведае.




