Яраслаў Раманчук: «Патрэбны капітальны рамонт»
5- 10.03.2008, 10:04
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі неабходна правесці рэвізію беларускага заканадаўства.
«Шматлікія законы, пастановы ўрада ўжо сваё аджылі. Некаторыя з іх супярэчаць іншым», – адзначыў пры гэтым беларускі кіраўнік. Мабыць, гэта першы выпадак, калі беларускі кіраўнік публічна фактычна заявіў пра тое, што заканадаўчая сістэма Беларусі неэфектыўная.
«Ежедневник» звярнуўся з пытаннем: «Як вы лічыце, якія нормы беларускага заканадаўства сябе зжылі, і якія напрацоўкі іншых дзяржаў можна выкарыстаць у Беларусі?» да эксперта, кіраўніка Цэнтра Мізэса, эканаміста Яраслава Раманчука.
– Насамрэч вельмі добра, што Аляксандр Лукашэнка пасля 14 гадоў стаў разумець, што той заканадаўчы бардак, які ён стварыў, не жыццяздольны. Таму я згодны з ім, што сапраўды патрэбны кардынальны, я бы сказаў, капітальны рамонт беларускага заканадаўства. Для таго каб дапамагчы Лукашэнку, незалежная экспертная супольнасць як раз і займаецца законатворчасцю і выпрацоўкай тых рашэнняў, якія рэальна выгодныя для Беларусі.
У першую чаргу гэта новы бюджэт і падатковы кодэкс. Літаральна ў снежні мінулага года мы выпрацавалі новую падатковую сістэму, у якой усяго тры падаткі. Ёсць законапраект аб прыватызацыі, які забяспечвае празрыстасць інвестыцыйных патокаў. Ёсць платформа нацыянальнага бізнэсу, дзе 112 пунктаў. У нас ёсць і канцэпцыя пенсійнай, ваеннай і адміністрацыйнай рэформ.
Калі Лукашэнка сапраўды хоча памяняць сітуацыю ў заканадаўчым рэгуляванні, то яму трэба звярнуць увагу на ўсе тыя дакументы, якія яму прапаноўваюць незалежныя эксперты. Можна паглядзець хаця б кнігу «Беларусь – дарога ў будучыню», якую мы прысылалі ў парламент яшчэ ў 2005 годзе. 95% рэкамендацый не састарэлі і на дадзены момант цалкам актуальныя. Яшчэ раз завастраю ўвагу на тым, што патрэбная кардынальная сістэмная рэформа заканадаўства. Уносіць маленькія папраўкі ў наяўнае заканадаўства не мае сэнсу.
Возьмем, напрыклад, адмену інстытута «залатой акцыі». Добры, выдатны ход. Але ж для інвестараў ёсць яшчэ 28 перашкод. Трэба адмяніць цэнавае рэгуляванне, працэдуру рэгістрацыі цаны, неабходна запусціць механізм банкруцтва, які б працаваў незалежна ад Міністэрства эканомікі. Трэба стварыць механізм абароны права ўласнасці і хаця б зняць эмбарга на хаджэнне прыватызацыйных чэкаў, – пералічыў задачу-мінімум Яраслаў Раманчук.