У Віцебску судзяць банду былых міліцыянтаў (Відэа)
4
12:53, — Крымінал
У Віцебскім абласным судзе пачаліся слуханні па справе так званай банды Рынаса. На лаве падсудных амаль тры дзесяткі ўдзельнікаў злачыннай арганізацыі. 10 гадоў групоўка здзяйсняла цяжкія і адмыслова цяжкія злачынствы. На рахунку злачынцаў – разбой, рабаванне, вымагальніцтва, выкраданне людзей.
Па адным, іх цягам цэлай гадзіны заводзілі ў залу судовых пасяджэнняў. На лаве абвінавачваных былыя спартсмены і супрацоўнікі міліцыі. У 43 тамах крымінальнай справы іх злачынная дзейнасць, якая пачалася яшчэ 12 гадоў таму – у 96-м.
"Гэта былі тыя гады, калі біта і помпавая стрэльба, вырашалі ўсе пытанні, з нагоды крышывання, падавання заступніцтва крымінальнага індывідуальным прадпрымальнікам і іншым суб'ектам гаспадарання", – паведаміў у інтэрв'ю ОНТ дзяржаўны абвінаваўца Дзяніс Губанаў.
У абласным судзе Віцебска прынятыя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі. Будынак з усіх бакоў ачэплены супрацоўнікамі міліцыі. Усталяваныя металадэтэктары.
Злачынная арганізацыя, у якую ўваходзілі амаль тры дзесяткі чалавек, занімаліся вымагальніцтвам, рабаваннем і выкраданнем людзей. Цягам 10 гадоў яны трымалі ў страху прадпрымальнікаў Віцебшчыны. Каб усім абвінавачваным хапіла месцаў на лаве падсудных, у залу судовых пасяджэнняў Віцебскага абласнога суду з Менска даставілі спецыяльную клетку.
Гэты працэс ужо ахрысцілі справай банды Рынаса – Ксёндава. З дзесятак адвакатаў, тры дзяржаўных абвінаваўцы. Узбуджаныя блізу 110 крымінальных спраў.
Тадэвуш Варановіч, старшыня Віцебскага абласнога суду гаворыць: "Вось я ўжо больш як 20 гадоў працую ў судовай сістэме, але не памятаю я справы такога аб'ёму, каб адразу на лаве падсудных апынулася больш за 20 чалавек".
На пачатку злачыннай дзейнасці з імі яшчэ маглі разлічыцца блокам цыгарэт і невялікай сумай грошай. Потым, як распавядаюць следчыя, сумы выраслі, злачынныя схемы сталі больш выдасканаленымі. З Еўропы ў Беларусь пераганялі бітыя машыны, тут з дапамогай падкупленых супрацоўнікаў ДАІ афармляліся дакументы, па якім ДТЗ нібыта не было. І наступаў так званы страхавы момант.
Злачынную арганізацыю ліквідавалі 2 гады таму. Калі затрымалі першых удзельнікаў групы, астатнія кінуліся ва ўцёкі.
"Чатыры чалавекі былі затрыманыя, потым адзін, вось цягам года–паўтара праводзілася затрыманне ўсіх гэтых асоб. Гэта значыць, спачатку аднаго, потым другога, трэцяга. Аднаго з лідэраў злачыннай арганізацыі затрымалі ў Туле", – паведаміў Юры Ендавіцкі, старэйшы следчы Галоўнага следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання МУС Беларусі.
На лаве падсудных 23 удзельнікі злачыннай арганізацыі. У тым ліку іх лідэры. Іх чакаюць працяглыя тэрміны зняволення. Але расследаванне яшчэ працягваецца, узбуджаныя 9 новых крымінальных спраў. А тры злачынцы дагэтуль знаходзяцца ў міжнародным вышуку.




