Улады патрабуюць ад арганізатараў Еўрапейскага Маршу 10 мільёнаў рублёў
14- 11.03.2008, 16:47
Улады павялічылі памер матэрыяльных прэтэнзій да арганізатараў Еўрапейскага Маршу, які прайшоў у Менску 14 кастрычніка 2007 года, – цяпер яны патрабуюць заплаціць у казну каля 10 мільёнаў рублёў.
Першым звярнулася ў суд з пазовам да заяўнікаў шэсця Еўрапейскі Марш – Віктара Івашкевіча, Змітра Хведарука, Яўгена Афнагеля, Вінцука Вячоркі, Анатоля Лябедзькі – прадпрыемства «Горремавтодор». Дзяржпрадпрыемства ацаніла суму, у якую нібыта абышлася ўборка вуліц сталіцы пасля правядзення акцыі, у 2 мільёна 135 тысяч рублёў.
Сёння ўсе арганізатары Еўрапейскага Маршу атрымалі новыя пазовы:
«Ремавтодор» Савецкага раёна патрабуе кампенсаваць яму 1 мільён 328 тысяч 761 рубель, «Ремавтодор» Першамайскага раёна – 800 тысяч 670 рублёў, ЖРЭО Савецкага раёна – 951 тысячу 88 рублёў, ЖРЭО Партызанскага раёна – 662 тысячы 430 рублёў, ЖРЭО Першамайскага раёна – 1 мільён 747 тысяч 428 рублёў, «Минскзеленстрой» – 1 мільён 433 тысячы 798 рублёў, ЖРЭО Цэнтральнага раёна 673 тысячы 870 рублёў.
Калі дадаць да новых пазоваў суму ранейшага, то атрымліваецца, што арганізатары павінны заплаціць уладам каля 10 мільёнаў рублёў, або амаль 5 тысяч даляраў.
На думку праваабаронцаў, такімі дзеяннямі ўлады парушаюць гарантаванае Канстытуцыяй права на свабоду мірных сходаў, якое павінна быць забяспечанае грамадзянам як раз дзяржавай.
«У ніводнай еўрапейскай краіне грамадзяне не плацяць краіне за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў. Забеспячэнне рэалізацыі гэтых правоў з'яўляецца абавязкам улад. Гэты пазоў чарговым разам дэманструе пагардлівае стаўленне беларускіх улад да правоў сваіх грамадзян і не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека», – падкрэслівае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
«Я лічу, што гэта шызафрэнія ўлады. З аднаго боку, яны кажуць пра неабходнасць развіваць стасункі з Еўразвязам, з другога, такім стаўленнем да Еўрапейскага Маршу яны сцвярджаюць зваротнае», – заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з заяўнікаў Еўрапейскага Маршу, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.
Цяпер разгляд пазоваў гарадскіх камунальных прадпрыемстваў да арганізатараў Еўрапейскага Маршу ў Савецкім судзе Менска пакуль прыпынены ў сувязі з тым, што адзін з адказчыкаў – намеснік старшыні Партыі БНФ – знаходзіцца за мяжой.
У працэсе судовага пасяджэння прадстаўніком УП "Горремавтодор Мингорисполкома" не было прадстаўленае ніякіх доказаў таго, што прадпрыемству была нанесеная нейкая шкода. Больш за тое, у іскавай заяве гаворыцца, што арганізатары Еўрапейскага Маршу павінны аплаціць паслугі ўборкі тэрыторыі ў гэты дзень – ад Кастрычніцкай плошчы да станцыі метро "Акадэмія навук".
Арганізатары Еўрапейскага Маршу катэгарычна не згодныя з гэтымі патрабаваннямі. Яны заявілі ў судзе, што не прысутнічалі на Кастрычніцкай плошчы, не арганізоўвалі шэсце па гэтым маршруце, а дзейнічалі толькі згодна з законам "Аб масавых мерапрыемствах", то бок, правялі дазволенае Мінгарвыканкамам шэсце ад станцыі метро "Акадэмія навук" да плошчы Бангалор і нават адмовіліся ад заяўленага раней мітынгу. Таму ўсе прэтэнзіі яны лічаць неабгрунтаванымі