У Баранавічах Дзень Волі адзначаць у будынку выканкама?
1- 13.03.2008, 10:28
Больш за 300 жыхароў Баранавіч просяць мясцовыя ўлады выдзеліць ім памяшканне для святкавання 90-х угодкаў БНР.
Ініцыятары урачыстай імпрэзы Вячаслаў Болбат, Сяргей Гоўша, Віктар Мязяк і Віктар Сырыца сабралі больш за трыста подпісаў ў падтрымку заявы аб выдзяленні вялікай залы гарвыканкама пад святкаванне Дня Волі. Выдзеліць памяшканне яны просяць на 24 сакавіка. У праграме запланаванай імпрэзы пазначаны даклад "Беларускай Народнай Рэспубліцы – 90 гадоў", падвядзенне вынікаў віктарыны па гісторыі БНР і святочны канцэрт, паведамляе Bulletinonline.
Як расказаў Віктар Сырыца, 21 студзеня яны ўжо падавалі заяву на правядзенне агульнагарадской імпрэзы, прысвечанай 90-м угодкам БНР, і прасілі выдзеліць пад яе нейкае памяшканне. Але Баранавіцкі гарвыканкам дазвол на мерапрыемства тады не даў. Заяўнікам параілі самастойна дамовіцца аб арэндзе памяшкання ў адным з Дамоў культуры.
Па словах Віктара Сырыцы, на працягу лютага ініцыятары імпрэзы абышлі ўсе пяць гарадскіх палацаў культуры некалькі разоў і ўсюды ім дэлікатна тлумачылі, што здаць у арэнду памяшканне яны могуць толькі з дазволу гарвыканкама.
– З гэтай сітуацыі мы не знайшлі лепшага выйсця, як сабраць 307 подпісаў жыхароў Баранавіч і накіраваць іх гарадскім ўладам. Толькі цяпер мы просім выдзеліць для святкавання 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі канкрэтна вялікую залу гарвыканкама, – расказаў Віктар Сырыца. –Утварэнне БНР – адна з найважнейшых падзей XX стагоддзя, калі б не было яе, то не было б БССР і незалежнай Рэспублікі Беларусь. 90-я ўгодкі БНР адзначаюць нават у Еўрапарламенце на працягу тыдня, дык чаму мы, жыхары Беларусі, павінны застацца ў баку ад святкавання гэтай даты?