9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь настойвае на скарачэнні колькасці персаналу амбасады ЗША

9

Беларускі бок настойліва рэкамендаваў амбасадзе ЗША ў Беларусі скараціць колькасць персаналу дыппрадстаўніцтва.

Пра гэта быў апавешчаны часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, запрошаны 17 сакавіка ў МЗС, паведамляе БелаПАН.

7 сакавіка ўлады Беларусі рэкамендавалі амбасадару ЗША пакінуць краіну ў сувязі з санкцыямі Дзярждэпартамента ў дачыненні «Белнафтахіма». 7 сакавіка 2008 года Міністэрства фінансаў ЗША, растлумачыўшы ўведзеныя ўвосень 2007 года санкцыі супраць канцэрна «Белнафтахім», фактычна пашырыла іх ужыванне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы ў 50% і больш. Да публікацыі гэтага тлумачэння санкцыі закранулі толькі прадстаўніцтвы канцэрна і шэраг яго замежных дачок.

12 сакавіка Злучаныя Штаты прынялі рашэнне адклікаць амбасадарку Карэн Сцюарт для "кароткачасовых кансультацый". Беларусь таксама адклікала ў Менск амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова для кансультацый.

Прычына ўвядзення санкцый з боку ЗША – адмова ўлад Беларусі вызваліць палітвязняў. Сёння ў зняволенні знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы лідэр Андрэй Кім і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.

Белы дом назваў рашэнне ўлад Беларусі выправадзіць амбасадара ЗША ў Беларусі неабгрунтаваным і заявіў, што гэта можа прывесці да далейшай ізаляцыі краіны ў свеце. У заяве гаворыцца, што дзеянні Менска "яшчэ больш дыстанцуюць Беларусь ад Еўропы і астатняга свету".

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках