Кіраўнік МУС у здзіўленні
34- 18.03.2008, 8:30
Міністр унутраных спраў Беларусі генерал-лейтэнант міліцыі Уладзімір Навумаў здзіўляецца з нагоды рэакцыі некаторых грамадзян на сітуацыю на трасе Менск–Мікашэвічы 2 сакавіка.
"Так, памыліліся. Узбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні супрацоўнікаў ДАІ, але нельга па адным факце судзіць пра ўсё ДАІ", – так пракаментаваў Навумаў журналістам у Менску сітуацыю на трасе Менск–Мікашэвічы.
Міністр таксама сказаў: "Сітуацыя незразумелая, нельга пра ўсю дзяржінспекцыю судзіць па тым, што адбылося 2 сакавіка". "Калі ДАІ дрэннае, давайце прыбярэм ДАІ і хай тады гэтыя алкаголікі ездзяць бесперашкодна п'яныя па дарогах рэспублікі. І што тады з гэтага атрымаецца?" – задаў пытанне У.Навумаў.
Нагадаем, 2 сакавіка супрацоўнікі ДАІ на восьмым кіламетры гэтай аўтадарогі стварылі загароду з аўтамабіляў, у якіх знаходзіліся нічога не падазраючыя грамадзяне, каб спыніць кіроўцу, які перавысіў хуткасць і спрабаваў уцячы ад міліцэйскай пагоні. Машына парушальніка ўрэзалася ў адзін з аўтамабіляў, у якім знаходзіліся тры чалавекі, у тым ліку дзіця.