«Беларуская вясна» пачынаецца ў Кіеве
14:19, — Палітыка
З 22 сакавіка да 12 красавіка ў Кіеве будзе праходзіць фэстываль сучаснай беларускай культуры «Беларуская вясна».
Фэстываль адбудзецца у другі раз, і сёлета будзе ўключаць вулічны пэрформанс, кінапаказы (у тым ліку прэм’ерныя), вечар беларускай флэш-анімацыі, выставу фатаздымкаў і СМІ Беларусі, круглы стол мэдыя-мэнэджэраў, канцэрт Этна-гуртоў і ўкраінска-беларускую літаратурную вечарыну.
«Нягледзячы на тое, што беларусы ёсьць найбольш роднасным да ўкраінцаў народам, мы мала вядаем пра беларускую культуру», — кажа каардынатар фэстывалю Аляксандар Дземчанка.
Лягатыпам фэстывалю стаў падводны човен колераў нацыянальнага сьцягу Беларусі — белы, чырвоны й белы. Гэты вобраз пазычаны зь песьні гурту NRM, легенды беларускага року. Арганізатары надаюць яму асаблівае значэньне, бо «Беларуская вясна-2008» — гэта паглыбленьне ў неспазнаныя глыбіні беларускай культуры, якая схаваная пад тоўстым слоем клішэ ды стэрэатыпаў.
Гасьцямі фэстывалю стануць кінарэжысэр Антось Цялежнікаў, сцэнарыст Аляксандар Качан, мультыплікатарка й прадусарка Вольга Кузьміч, этна-гурты Джамбібум і Нагуаль, а таксама беларускія пісьменьнікі, журналісты й выдаўцы, сярод якіх Андрэй Хадановіч, Андрэй Скурко, Уладзімер Арлоў, Марыя Мартысевіч, Вера Бурлак, паведамляе «Наша ніва».




