Цана на расейскі газ ужо сёлета можа скласці каля 200 даляраў
15
8:33, — Эканоміка
Беларускія ўлады працягваюць спадзявацца на перагляд формулы цаны на газ. Кошт газу, закуплянага ў «Газпрома, будзе абмяркоўвацца сёння ў кулуарах пасяджэння Саўміна «саюзнай дзяржавы».
«Дадзенае пытанне ў парадку дня не значыцца, але перад пасяджэннем прызначаная сустрэча ў вузкім кругу, на якой будзе абмяркоўвацца гэтае пытанне», – сказаў у інтэрв'ю карэспандэнту «Газеты» прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка.
Раней пра жаданне Менска адкарэктаваць формулу цаны на газ заяўляў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка. Паводле яго слоў, ва ўрада Беларусі ёсць намеры стрымаць рост цэн, якія прывязаныя да катыровак на нафтапрадукты. «Цяпер ідзе перамоўны працэс, ідзе ўспрыманне расейскім бокам пазіцыі Беларусі адкарэктаваць саму формулу», – адзначыў ён. У «Газпроме» карэспандэнту "Газеты" паведамілі, што прадстаўнікі кампаніі на гэтай сустрэчы прысутнічаць не будуць.
"Неўзабаве мы плануем адкарэктаваць цану на газ для Беларусі на другі квартал. Такая карэктыроўка праводзіцца раз у квартал, што прадугледжанае кантрактам з беларускім бокам, – растлумачыў прадстаўнік "Газпрома". – Велічыня карэкцыі залежыць ад змянення цэн на нафтапрадукты, гэта таксама зафіксаванае ў кантракце. Што тычыцца змянення самой формулы цаны, то, на наш погляд, падстаў для яе перагляду няма".
Між іншым, цяпер расейскі газ пастаўляецца ў Беларусь зыходзячы з умоў кантракту, падпісанага ў ноч з 31 снежня 2006 года на 1 студзеня 2007 года. Паводле дасягнутых дамоўленасцяў, з пачатку гэтага года пастаўкі газу ў Беларусь здзяйсняюцца на падставе прынцыпу роўнапрыбытковасці. То бок, кошт газу для Беларусі вызначаецца па тым жа прынцыпе, што і пры пастаўках газу ў Еўропу. Праўда, дзякуючы саступцы 50% акцый «Белтрансгаза» Менск змог дамагчыся льготных умоў пераходу на рынкавыя прынцыпы коштаўтварэння. Аж да 2010 года Беларусі будзе давацца скідка (33% у гэтым годзе, 20% - у 2009-м і 10% у 2010).
Цяпер сярэднееўрапейская цана на газ складае $370 за тысячу кубаметраў. Аднак, паводле слоў кіраўніка «Газпрома» Аляксея Мілера, неўзабаве можа быць пераадоленая адзнака ў $400 за тысячу кубаметраў. Такім чынам, цана на газ для Беларусі павялічыцца амаль у 2,5 разы – з $100 за тысячу кубаметраў у 2007 годзе да $248-268 у гэтым. Трэба адзначыць, што Беларусь таксама мае скідку ў выглядзе адсутнасці імпартнай пошліны, якая ўключаецца ў цану пры пастаўках у іншыя краіны, такія, напрыклад, як Польшча. Але ў любым выпадку, калі беларускі Саўмін не даможацца змянення правіла вызначэння цаны ў адпаведнасці з раней зацверджанай формулай, то цана на газ ужо сёлета складзе каля 200 даляраў – у той ці іншы бок.
Як паказваюць шматлікія даследаванні, наступствы газавай, а ўслед за ёй і нафтавай «вайны» апынуліся пагібельнымі для эканомікі Беларусі. Таму запланаваны рост цэн на газ, хай і паступовы, толькі пагоршыць і без таго жаласны стан большасці беларускіх прадпрыемстваў, а значыць, і эканамічную сітуацыю ў краіне.
Напісаць каментар (15)





