Галадоўка ў падтрымку Казуліна на Кастрычніцкай плошчы (Фота)
4- 21.03.2008, 8:38
Увечары 20 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла акцыя ў падтрымку палітвязня Аляксандра Казуліна.
У ёй узялі ўдзел Сяргей і Аляксандр Скрабцы, а таксама актывістка АГП Таццяна Ваніна, якія праводзяць галадоўку пратэсту.
Сяргей і Аляксандр Скрабцы абвясцілі бестэрміновую галадоўку 10 сакавіка. Пасля да іх далучыліся іншыя грамадскія актывісты, у тым ліку 19 сакавіка Т.Ваніна. Яны патрабуюць неадкладнага вызвалення палітвязняў Аляксандра Казуліна, моладзевага актывіста Андрэя Кіма і прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча.
Удзельнікі акцыі ўсталі каля знака «нулявы кіламетр» на Кастрычніцкай плошчы і разгарнулі лозунгі «Я аб'яўляю галадоўку».
Акцыя пачалася а 18 гадзіне і цягнулася не больш як тры гадзіны. Пасля ўмяшання супрацоўнікаў міліцыі пратэстуючыя змушаныя былі разысціся.
Супрацоўнікі міліцыі актыўна процідзейнічалі збору іншых удзельнікаў акцыі на плошчы. На выхадах з метро ў маладых людзей правяралі торбы і дакументы.
Сяргей Скрабец заявіў журналістам, што такія акцыі плануюць праводзіць кожны вечар да 25 сакавіка. Такім спосабам удзельнікі галадоўкі будуць імкнуцца прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы А.Казуліна.

Фото "Радыё Свабода"