9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэманстрацыя волі

2

Па ідэі, Дзень Волі з'яўляецца святам, калі мы адзначаем абвяшчэнне незалежнай Беларускай дзяржавы. Але святкаваць атрымлівалася не заўсёды. Занадта часта ў Беларусі ўзнікала пагроза страты незалежнасці. І трэба было выходзіць на вуліцу, каб заявіць усім: беларусы хочуць жыць у сваёй краіне!

Калісьці, на пачатку 90-ых гадоў шмат хто казаў, што незалежная Беларусь доўга не праіснуе, таму што мы не змагаліся за яе, у адрозненне ад нашых суседзяў па былым Савецкім Саюзе. Так, гэта праўда, свабоду трэба заваяваць і абараніць. Толькі тады ніхто і не меркаваў, што будзе цягам наступных гадоў. Ніхто не здагадваўся пра тое, што ўсе гэтыя гады беларусам давядзецца змагацца за сваю свабоду. І у гэтай барацьбе будуць свае паразы і перамогі, героі і ахвяры.

Барацьба за свабоду не спынялася ніколі. У 1918 годзе, калі нашы продкі абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, яны зрабілі крок, які хоць і не прывёў да свабоды, але без якога не было б ні БССР, ні Рэспублікі Беларусь.

І вось наступіў той момант, калі падаецца ўсё – не толькі апазіцыя, але і ўлады, называюць незалежнасць краіны сваёй найважнейшай каштоўнасцю. Яшчэ некалькі гадоў таму такое было немагчыма.

Аднак, як і раней, знаходзяцца людзі, якія па-ранейшаму трызняць ідэяй "саюзнай дзяржавы" або ўваходжання ў склад Расеі. Сёлета магчымы рэферэндум па канстытуцыйным акце. Пра гэта не раз заяўлялі як расейскія, так і беларускія службоўцы.

Бліжэйшы год будзе выпрабаваннем волі беларускага народа. Волі да свабоды і незалежнасці. Таксама ён будзе годам еўрапейскага выбару Беларусі. Бо альтэрнатыва страце незалежнасці толькі ў вяртанні ў сям'ю еўрапейскіх народаў, адкуль нашу краіну вырвалі больш як 200 гадоў таму.

Шмат хто з нас, маладога пакалення, памятае, як Беларусь стала незалежнай, шмат хто памятае яе сапраўдныя сімвалы і гісторыю. Калі мы прайграем, то захаваць гэтую памяць будзе няма каму. Будучыня свабоднай Беларусі залежыць ад тых, хто сёння выходзіць на вуліцы, каб абараняць яе незалежнасць.

25 сакавіка мы выйдзем на вуліцы Менска пад нацыянальнымі і еўрапейскімі сцягамі. Выйдзем, каб прадэманстраваць нашу волю да свабоды, наш еўрапейскі выбар. Выйдзем для таго, каб наблізіць той момант, калі Дзень Волі можна будзе проста святкаваць. Святкаваць, як дзень перамогі ў доўгай і нялёгкай барацьбе за незалежнасць нашай Радзімы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках