Суддзя Таццяна Паўлючук: Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету, мастак Аляксей Марачкін нецэнзурна лаяўся (Фота)
17
11:11, — Палітыка
Арыштаваны ўчора ўвечары вядомы беларускі мастак, старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" Аляксей Марачкін сёньня асуджаны судзьдзёй Цэнтральнага раёну Таццянай Паўлічук на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Аляксей Марачкін быў абвінавачаны нібыта ў нецэнзурнай лаянцы каля РУУС Цэнтральнага раёну і асуджаны паводле артыкулу 17.1. КАаП РБ.
Мастак Алесь Марачкін, выставу каторага два тыдні таму назад адкрываў Прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ганс-Герт Пётэрынг, учора ўвечары быў зьмешчаны ў прыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна.
"Сем супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу ўварваліся ў майстэрню, дзе знаходзіўся бацька, - распавёў сын мастака Ігар Марачкін. - Яны правялі вобшук, канфіскавалі каля 40 расьцяжак і транспарантаў, якія былі зробленыя ў майстэрні да заўтрашняй вулічнай акцыі. Падчас вобшуку міліцыянты пабілі некаторыя прадметы керамікі, якія стаялі на паліцах. Знайшлі вядомую працу "Лялькі", і таксама забралі. Не кранулі толькі партрэты з грамадзкімі дзеячамі і геральдычныя выявы".
Міліцыянты забралі Аляксея Марачкіна з кватэры-майстэрні і паведамілі суседцы, што вязуць мастака ў РУУС Цэнтральнага раёну.
"Я адразу ж паехаў у РУУС, аднак бацькі там няма, - кажа Ігар Марачкін, - пасьля доўгай гутаркі ўдалося высьветліць, што з кватэры яго павезьлі проста на Акрэсьціна".



Напісаць каментар (17)




