«Газпром» скараціў пастаўкі газу ва Украіну
1
10:41, — У свеце
3 сакавіка з 10.00 расейскі Газпром скараціў пастаўкі газу ва Украіну на 40 млн кубаметраў у суткі.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік кампаніі Газпром Сяргей Купрыянаў, на 16 млн кубаметраў у суткі паніжаныя пастаўкі газу праз газавымяральную станцыю (ГВС) Мазыр і на 24 млн кубаметраў у суткі – праз ГВС Суджа.
Раней кампанія Укртрансгаз заяўляла, што газатранспартная сістэма па стане на 9:30 працуе ў звычайным рэжыме і паніжэнне аб'ёмаў паставак газу не назіраецца.
Газпром пагражаў з 9:00 скараціць пастаўкі газу ва Украіну на 25%, у выпадку калі не будзе знойдзены кампраміс па шэрагу спрэчных пытанняў, у прыватнасці, па газавым доўгу Кіева.
"Улічваючы, што сітуацыя не ссунулася з мёртвай кропкі, Газпром для забеспячэння сваіх эканамічных інтарэсаў 3 сакавіка гэтага года з 10:00 скараціў пастаўкі для спажыўцоў Украіны на 25%", заявіў прадстаўнік расейскага газавага холдынгу Сяргей Купрыянаў.
Ён адзначыў, што дагэтуль не ўрэгуляваная ў поўнай меры запазычанасць за газ, спажыты ў 2007 годзе. Акрамя таго, паводле яго слоў, працягваецца неафармаванае спажыванне газу ў гэтым годзе – на дадзены момант, паводле сцвярджэння Газпрома, ва Украіне "аселі" каля 1,9 мільярда кубаметраў расейскага газу на суму каля 600 мільёнаў даляраў. Пры гэтым не падпісаныя пагадненні, якія вызначаюць схему далейшага супрацоўніцтва ў газавай сферы.
У той самы час, у суботу, 1 сакавіка, прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка заявіла пра тое, што Украіна не атрымлівала афіцыйных паведамленняў ад Газпрома наконт магчымага скарачэння паставак газу.
Першы віцэ-прэм'ер-міністр Украіны Аляксандр Турчынаў таксама не бачыць падстаў для скарачэння паставак газу ва Украіну. Ён паведаміў, што не толькі пераведзеныя грошы, але і копіі дакументаў аб плаце за газ перададзеныя Газпрому.
У мінулую сераду Нафтагаз паведаміў, што цалкам разлічыўся з кампаніяй Укргаз-Энерга, якая рэалізуе імпартны газ на ўнутраным рынку Украіны, па даўгах за мінулы год.





