На Свабодныя прафсаюзы наступаюць ужо праз банкіраў
11:23, — Палітыка
З патрабаваннем падаць пасведчанне аб рэгістрацыі да пяршоўкі Свабоднага прафсаюза Беларускага ААТ "Нафтан" звярнулася Наваполацкае аддзяленне "Беларусбанка".
У пяршоўкі адкрыты рахунак у гэтым банку, на які паступаюць унёскі сяброў прафсаюза. Цяпер, спасылаючыся, на прынятую яшчэ ў жніўні 2005 года пастанову Міністэрства юстыцыі, банк патрабаваў альбо закрыцця рахунку, альбо пасведчання аб рэгістрацыі ў мясцовым органе ўлады, піша Bulletinonline.
Да генеральнага дырэктара Наваполацкага ААТ "Нафтан" Уладзіслава Якушава звярнуўся старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў з просьбай падаць юрыдычны адрас, неабходны для рэгістрацыі пяршоўкі.
Яе лідэр Аляксей Валюшкін з гэтай нагоды заявіў:
– Разліковы рахунак у нас адкрыты на законнай падставе, і калі прадстаўнікі банка лічаць па-іншаму, то хай звяртаюцца ў суд. Мы закрывацца не збіраемся. Што тычыцца падавання юрыдычнага адрасу, то звярталіся да генеральнага дырэктара ўжо не адзін раз, і штораз атрымлівалі адмоўны адказ. Пра гэтую сітуацыю паведамілі ў Раду СПБ, і там прынялі рашэнне самім звярнуцца да нашага начальства.
Старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў з гэтай нагоды кажа:
– Юрыдычны адрас – гэта месца размяшчэння кіруючага органа (Рады) арганізацыі. Нават калі наймальнік адмаўляецца падаць пяршоўцы памяшканне ў арэнду – Рада (а гэта працаўнікі прадпрыемства) усё роўна знаходзіцца на яго тэрыторыі. Сябры Рады пры адсутнасці офіса на сваё пасяджэнне могуць сабрацца ў любым месцы – курыльні, сталовай або на ўслончыку ля прахадной.
Наяўнасць юрадраса – гэта больш праблема для дзяржулады. Для нас жа пяршоўка існуе з моманту стварэння і рэгістрацыі ў Радзе СПБ. Аднак, як відаць, з прычыны адсутнасці гэтага адрасу пяршоўкам пачынаюць ствараць праблемы ў статутнай дзейнасці. Мы звярнуліся да Якушава з просьбай даць гарантыйны ліст аб падаванні юрыдычнага адрасу. Пра змест адказу будзем інфармаваць МАП, як выконваюцца яе патрабаванні па захаванні правоў прафсаюзаў у Беларусі. Нагадваю дзяржаўным службоўцам, што беларускі народ пазбаўлены прэферэнцый па іх віне. За нанясенне шкоды народу і дзяржаве рана ці позна давядзецца адказаць.
Навіны
па тэме





