ПАРЕ: Выбары Мядзведзева паставілі пад сумнеў свабоду выбаршчыкаў
13:29, — Палітыка
Назіральнікі ад ПАРЕ лічаць, што выбары прэзідэнта РФ, якія адбыліся напярэдадні, паставілі пад пагрозу свабоду выбаршчыкаў: яны не былі выбарам прэзідэнта, а насілі характар плебісцыту насельніцтва адносна апошніх васьмі гадоў жыцця краіны, перадае "Інтэрфакс".
"Падчас гэтых выбараў, якія, хутчэй, насілі характар плебісцыту насельніцтва адносна апошніх васьмі гадоў жыцця краіны, народ Расеі прагаласаваў за стабільнасць і пераемнасць, якія асацыююцца з дзейным прэзідэнтам і кандыдатам, якога ён падтрымлівае. Абраны прэзідэнт будзе мець салідны мандат большасці расейцаў", – сказаў кіраўнік дэлегацыі ПАРЕ Андрэс Гросс.
Гросс лічыць, што выбары ў Расеі нельга назваць цалкам дэмакратычнымі. "Вынікі выбараў адбіваюць волю выбаршчыкаў, аднак дэмакратычны патэнцыял не быў цалкам рэалізаваны", – сказаў ён журналістам. Былі "перагіны на месцах", заявіў ён. Але пры гэтым "было б спрашчэннем сказаць, што вынікі выбараў былі падтасаваныя". "Мы чулі, што кіраўнікі прадпрыемстваў або навучальных устаноў адчуваюць на сабе такі ціск. Мы ведаем, што традыцыйна рэгіянальныя і мясцовыя кіраўнікі лічаць абавязковым ва ўгоду начальству дамагацца патрэбных вынікаў. Мы таксама чулі апавяданні людзей, якія не падпарадкоўваліся гэтаму ціску. Мы крытыкавалі такія выпадкі, гэта знайшло адлюстраванне ў нашым дакладзе па выніках выбараў у Думу", – нагадаў ён.
"Падчас гэтых выбараў мы назіралі паўторы недахопаў, якія былі адзначаныя на парламенцкіх выбарах 2007 года, – сказаў ён. – Ніводная з заклапочанасцяў не была ўлічаная расейскімі ўладамі падчас падрыхтовак да прэзідэнцкіх выбараў".
Паводле яго слоў, выбары 2008 года ставяць пад сумнеў свабоду выбаршчыкаў. "Не былі ўлічаныя заклапочанасці, датычныя рэгістрацыі кандыдатаў, што ставіць пад пытанне свабоду гэтых выбараў, – сказаў ён. – У тым ліку, не быў палепшаны доступ кандыдатаў да СМІ, што паставіла іх у няроўнае становішча".
Дэлегацыя ПАРЕ "шкадуе, што на выбарах прэзідэнта РФ не было яе традыцыйных партнёраў, а менавіта назіральнікаў з БДИПЧ АБСЕ", сказаў Гросс. "Якасць назірання за выбарамі залежыць ад аналізу і інфармацыі, якая прадстаўляецца БДИПЧ", – растлумачыў ён.
"Дэлегацыя заклікае новага прэзідэнта ў якасці першага свайго кроку выявіць дастаткова даверу да сваёй краіны, каб у будучыні ён забяспечыў шырэйшае прадстаўніцтва афіцыйных назіральнікаў і больш працяглае з знаходжанне", – адзначыў Гросс.
Паводле афіцыйных дадзеных, на выбарах прэзідэнта РФ у першым туры атрымаў перамогу Дзмитрый Мядзведзеў. За яго прагаласавалі 70,23% выбаршчыкаў – больш як 52 млн чалавек.
Навіны
па тэме





