Барыс Хамайда: «Далучайцеся да бел-чырвона-белага маратону»
1
15:45, — Палітыка
Набліжаецца Дзень Волі – 25 сакавіка споўніцца 90 год ад дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Якімі мерапрыемствамі варта адзначыць гэтую дату? Віцебскі апазыцыянэр, распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда прапанаваў далучацца да бел-чырвона-белага маратону легендарнага Мірона.
У інтэрвію “Радыё Свабода” Барыс Хамайда сказаў:
- Некалькі тыдняў таму Мірон, калі вывешваў чарговы бел-чырвона-белы сьцяг, адзначыў, што пачынае бел-чырвона-белы маратон, прысьвечаны найвялікшаму сьвяту – 90-м угодкам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Было б цудоўна, каб гэтую ідэю і ініцыятыву падхапілі па ўсёй краіне. Каб пачалі вывешваць бел-чыровона-белыя сьцягі, бел-чырвона-белыя ліхтары, кветкі... Каб нагадаць: сапраўдная Беларусь – жыве, тут і зараз. Нацыянальны колер – жыве. Мова – жыве. Вось гэта было б вельмі добра.
- Для Вас асабіста што азначае гэты дзень, гэтае сьвята?
- Я лічу, што 90-я угодкі БНР – найвялікшае сьвята нашай краіны. Я буду сустракаць яго напярэдадні каля “Сіняга дому” [будынак у цэнтры Віцебску] – там я буду пісаць першую агульнанацыянальную дыктоўку. Ну, а 25-га я таксама буду ў бел-чырвона-белых колерах. Але дзе канкрэтна – пакуль сказаць не магу.





