Маці павінны абараняць сваіх сыноў
42- 31.03.2008, 10:28
Знайшлася жанчына, якую міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў абазваў «касірам апазіцыі». Наталля Віктараўна працуе галоўным бухгалтарам на адным з сталічных прадпрыемстваў.
Вось што яна распавяла «Белорусскому партизану» ў суботу раніцай па тэлефоне: "Я увайшла, таму што бачыла збітых дзяцей. Я павінна была быць разам з імі. Гэта ж не тое, што чужыя людзі і ўсё… Там быў Дзіма Дашкевіч, я бачыла Артура, там была Каця Галіцкая… Я прасілася суправаджаць іх. Калі я ўвайшла ў РУУС разам з усімі хлопцамі, то мяне ўжо адтуль не выпусцілі".
– Як Вы патрапілі на акцыю, якую 25 сакавіка наладзіла апазіцыя?
– Мой сын туды паехаў, ён у «Маладым Фронце». І я пасля працы таксама паехала туды. Бо гэта свята, гэта 90 гадоў нашай рэспубліцы, я хацела быць там, разам з людзьмі прайсці па вуліцы, па сваім родным горадзе. Я паехала з сваёй сяброўкай. Я сустрэлася з ёй на Трактарным заводзе, мы прыехалі на станцыю метро «Купалаўскую», а з «Купалаўскай» здолелі даехаць толькі да плошчы Перамогі, бо далей транспарт не спыняўся. Мы выйшлі, падняліся трохі ўверх, дайшлі да Акадэміі міліцыі, а далей нас не пусцілі. Мы вярталіся назад. Прайшлі праз пераход на плошчы Перамогі, дзе прыпынак 100-га аўтобуса. І нас сталі браць у кола. Стаяла шмат аўтобусаў, у акне аднаго з іх я ўбачыла Дзіму Дашкевіча збітага, іншых хлопцаў, расплакалася вельмі. Я стала ліхаманкава шукаць свайго сына. Я хацела ўвайсці ў аўтобус, але мяне туды не пускалі. Потым зноў сталі людзей у аўтобус зацягваць, я стала зноў прасіцца ў аўтобус, але амапавец мне не дазваляў. Я сказала, што хачу суправаджаць дзяцей у РУУС, можа, нават дапамогу аказаць нейкую.
– Вас не затрымлівалі, а Вы самі ўвайшлі ў гэты аўтобус?
– Я увайшла, таму што бачыла збітых дзяцей. Я павінна была быць разам з імі. Гэта ж не тое, што чужыя людзі і ўсё… Там быў Дзіма Дашкевіч, я бачыла Артура, там была Каця Галіцкая… Я прасілася суправаджаць іх. Калі я ўвайшла ў РАУС разам з усімі хлопцамі, то мяне ўжо адтуль не выпусцілі.
– На якой падставе?
– Без усякіх падстаў, хоць я і спрабавала казаць, як усё было і ўсе пацвярджалі мае словы…
– А як у Вас знайшлі грошы? Вас абшуквалі? І што гэта былі за грошы?
– Мяне не абшуквалі. Яны сталі перапісваць рэчы, якія ва ўсіх былі з сабою. Перапісалі ўсё тое, што было пры мне. Гэтыя грошы былі прызначаныя для куплі газасілікатных блокаў у фірме «Забудова», якая знаходзіцца ў пасёлку Чысць. Я там стаяла на чарзе з 6 верасня 2006 года. Я не магла паехаць выкупіць гэтыя блокі, бо мне 20-га трэба было здаваць падаткі. Я вельмі прасіла, каб можна было выкупіць іх пасля 20-га. Я ужо падрыхтавала неабходную суму. Нават не ўсю, мне яшчэ не хапала, пазыку буду браць.
– Вы будуеце дом?
– Так. У міліцыі я сказала, што гэтыя грошы прызначаныя для куплі блокаў. Яны мне нават нічога не гаварылі. Проста перапісалі гэтыя грошы. Яны ў мяне былі складзеныя па мільёне – шэсць пачак, як звычайна жанчына складае, каб было лягчэй разлічвацца. Астатнія былі так, таму што ў мяне браў у пазыку знаёмы, з якім мы калісьці разам працавалі. Я яго прасіла вярнуць гэтыя грошы да 4-га, і ён вярнуў.
Дзесьці каля трох ночы нас адвезлі на Акрэсціна. Да гэтага я сядзела ў пакоі з Артурам, дзе складалі пратакол. Пратаколы складалі спецназаўцы, крэслілі там нешта. І калі я прачытала пратакол пра тое, што збіла спецназаўцаў, то прыйшла ў жах. Я кажу, як мага такое пісаць?! Потым прыйшоў лейтэнант і стаў па-новаму складаць пратакол, але я яго ўжо нават чытаць не стала.
– У пратакол запісалі тое, што Вы не казалі?
– Спачатку свае запісы рабілі спецназаўцы… Потым, калі прыйшоў старэйшы лейтэнант, ён прачытаў той пратакол, які напісалі спецназаўцы, выкінуў яго і стаў зноўку складаць. Але я яго нават не чытала, адмовілася падпісаць і нават напісаць на зваротным боку, што я з ім не згодная. І на суд я прыйшла без падпісанага пратаколу. Потым мне сказалі, што трэба сфатаграфавацца, пальцы адкатаць. Я, вядома, расплакалася, зноў не падпісвала ніякіх дакументаў.
– І што было потым?
– Нас прывезлі на Акрэсціна. Я бачыла, што Крысціне Шацікавай дрэнна, што ў Дашкевіча пачаў спухаць твар праз сіняк. Крысціна прасіла, каб выклікалі лекара. Я абуралася: да чаго трэба дайсці, каб так збіць маладых людзей. Потым нас запрасілі на другі паверх і вызначылі ў камеру. Нас яшчэ раз агледзелі. У камеры спачатку было чалавек шэсць–сем, а потым, каля чатырох раніцы, дадалі яшчэ трох дзяўчат – студэнтак інстытута замежных моў, якія ішлі з вучобы і іх схапілі.
– А далей?
– Раніцай мы чакалі, што, магчыма, нам гарбату дадуць, але ніякай гарбаты не далі. У прынцыпе, мы суткі былі галоднымі. Гадзін у дзесяць–адзінаццаць мяне выклікалі. Калі ішла па калідоры, убачыла, што стаяць чатыры чалавекі, адзін з іх быў з фотакамерай, і пакуль я ішла, ён мяне ўвесь час здымаў. Дарэчы, у міліцыі таксама здымалі. У пакоі, куды мяне прывялі, стаяў стол, на якім былі раскладзеныя мае грошы. Я падумала, што рэчы мае прывезлі сюды з РУУС. І у гэты час зайшла кабетка гадоў 30-33. Яна як бы стала браць у мяне інтэрв'ю. Яна спытала: «Гэта вашы грошы». Я кажу ,так, мае. «А для чаго вам яны?» Я сказала, што грошы былі ў мяне з сабою, яны прызначаныя для куплі газасілікатных блокаў. «Гэта грошы не для апазіцыі?» – спытала яна. Я кажу: вядома, не. Пасля я папрасіла яе прадставіцца і спытала, чаму мяне здымаюць. Яна назвала сваё імя і імя па бацьку і сказала, што прадстаўляе Першы канал.
– І як яе клічуць?
– Ведаеце, я цяпер ужо не памятаю. Я сказала: як вам не сорамна, вы што, вырашылі маімі грашыма маніпуляваць, сумленне ў вас ёсць? Я стала сыходзіць з пакоя – дзверы ж былі адчыненая. Я выйшла ў калідор і пакуль ішла, чалавек з камерай ішоў за мной і ўвесь час здымаў. Я дайшла па калідоры да самай апошняй камеры, азірнулася. Ён мяне здымаў. У камеры я распавяла пра ўсё.
Гэта такі жах, бо можна праверыць, ці сапраўды я стаяла ў чарзе на газасілікатныя блокі...
Потым хвілін праз сарок мяне зноў выклікалі. Я ужо думала, што нас павязуць, таму што шмат каго павезлі, узяла з сабою капялюш, але мне сказалі яго пакінуць. Мяне зноў прывялі ў нейкі пакой, там былі двое ў цывільным. Аднаго я бачыла на здымку «Нашай Нівы» на сайце «Хартыя’97», калі канфіскоўвалі апаратуру на радыё «Рацыя». Ён быў у такім светла-карычневым паліто, валасы ў яго светлыя…
Мяне сталі пытаць, як я сябе адчуваю ў камеры. Потым сталі задаваць пытанні пра сына, ці праўда, што ён у «Маладым Фронце», каго з маладафронтаўцаў я добра ведаю. Я сказала, што ведаю Дзіму Дашкевіча, Артура, што гэта светлыя хлопцы, якія вераць у Бога, не п'юць, не паляць, размаўляюць на нашай «роднай беларускай мове», што перад святамі мой сын пісаў эсэ – я нават адтуль радкі магу назваць: «Айчына павінна быць для цябе даражэйшай за маці і бацьку, і якія б жорсткасці, якія б несправедлівасці яна не здзяйсняла ў адносінах да цябе, ты павінен вытрымаць іх і не шукаць спосабаў ухіляцца ад яе..." (Плача). Яны мне сказалі, што могуць зрабіць так, што мяне адпусцяць. Я сказала, што хай усё будзе так, як суд вырашыць. І калі суд дасць мне 15 сутак, то я буду сядзець. Калі мяне суд пакарае штрафам, то... Хоць я казала, што мяне ніхто не затрымліваў, што я як маці не магла сысці адтуль проста так, я павінна была суправаджаць хлопцаў, таму што ведаю, што ў аўтазаках могуць збіваць. І калі быў суд над Дзімай Дашкевічам, майго сына разам з іншымі сынамі везлі ў аўтазаку, іх там білі.
– А як клічуць Вашага сына?
– Зміцер Ясевіч. Мяне пыталі пра сына. Я сказала, што ён "сябра" "Маладога Фронту", што не можа быць актывістам, таму што вучыцца, але калі прыязджае з вучобы (ён вучыцца ў ЕГУ) – то, вядома, ён з хлопцамі разам, падтрымлівае іх...
Я у 35 гадоў засталася адна – у мяне муж загінуў. Усё сваё жыццё прысвяціла дзецям і працы...
А потым нас адвезлі ў суд. На судзе, вядома, сведчылі два сяржанты, казалі, што я выкрыквала "Жыве Беларусь!", што я іх не слухалася і ішла туды, куды было нельга, і яны мяне затрымалі. Хоць гэта няпраўда. Мне прысудзілі штраф – 30 базавых велічынь. І сказалі, што мае грошы вернуць толькі тады, калі я заплачу штраф. А мне жа 4-га блокі трэба выкупляць, яны ўжо і так падаражэлі... Я вырашыла, што хай яны гэты мільён з капейкамі возьмуць з тых маіх грошай. Яны ўзялі. Праўда, ніякага "квітка" мне не далі. Потым я з'ехала дамоў. А майго сына не судзілі, бо я не дала яму з сабою пашпарт на гэтую акцыю. Я шукала яго па ўсіх РУУС. Мне казалі, што яго нідзе няма. Потым мне сказалі, што ён здаецца ў Завадскім РУУС, хоць там мне да апошняга казалі, што яго няма. І толькі ў тры гадзіны ночы мне паведамілі, што ён на Акрэсціна.
– А Вы самі з'яўляецеся сябрам нейкай партыі?
– Не, я ні ў якую партыю не ўваходжу. Я як маці падтрымліваю свайго сына – погляды ў яго патрыятычныя. А тое, што адбываецца – гэта проста жудасна. Я ужо казала гэтым кагэбістам, што так буду да апошняга змагацца за свайго сына.
– У Вас адзін сын?
– Так. Я калі куплю блокі 4-га, хачу запісацца на прыём да міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава. Паказаць яму ўсе мае дакументы на будаўніцтва. Бо гэта вельмі лёгка праверыць і пацвердзіць. Я гаварыла пра гэтым кагэбістам, міліцыі.
Так, мяне яшчэ пыталі, а калі вас з працы звольняць, як вы будзеце жыць? Я адказала, што калі дырэктар мяне не зразумее, то я не знікну. У мяне стаж практычнай працы 34 гады, у мяне дзве вышэйшыя адукацыі, прычым фінансавыя. Таму мне баяцца няма чаго, я не застануся без працы. Але я думаю, што мяне зразумеюць на працы.
Я лічу, што нічога не парушала. А усё тое, што адбылося са мной... Што Навумаву так даклалі, што на БТ гаварылі... Гэта нечая стратэгія, гэта такі манеўр, каб адцягнуць увагу людзей ад таго, як абышліся з мірнымі людзьмі падчас акцыі. Я думаю, што гэтыя ж кагэбісты, калі яны мне на працу патэлефанавалі, то яны напэўна тэлефанавалі і ў тую ж "Забудову". Ім проста патрэбны быў такі адцягваючы момант...
– Скажыце, як правільна пішацца Ваша прозвішча?
– Вы ведаеце, я ўвогуле хацела б, каб вы назвалі толькі маё імя і імя па бацьку. Проста Наталля Віктараўна. Я проста баюся, што пачнуць ціснуць на мяне, пачнуць наязджаць на прадпрыемства. Я проста гэтага баюся...
Вы калі будзеце пісаць, напішыце, калі ласка, што ўсё, што я зрабіла, я зрабіла таму, што я – маці. А маці павінны абараняць сваіх дзяцей, не быць абыякавымі. Мой учынак – гэта ўчынак маці, якая ніколі не пройдзе міма дзяцей, якіх збіваюць...
Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша Ніва"