Журналісты супраць Навумава
3
8:26, — Палітыка
Журналісты, якія асвятлялі акцыю пратэсту 25 сакавіка, аспрэчваюць словы кіраўніка МУС, наконт таго, што іх арыштаваны калега Сямён Печанко, удзельнічаў у дэманстрацыі.
Міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў заявіў з нагоды арышту на 15 сутак журналіста газеты «Наша Ніва» Сямёна Печанко, які асвятляў акцыю 25 сакавіка, заявіў: «Калі журналісты ўдзельнічаюць у несанкцыянаванай акцыі і аказваюць супраціў міліцыі, то яны, як і звычайныя грамадзяне, павінны несці адказнасць».
Калегі журналіста «Нашай Нівы», якія бачылі, як адбывалася яго затрыманне, засведчылі ў інтэрв'ю газеце адваротнае.
Сяргей Пульша, карэспандэнт БелаПАН:
– Я з'яўляюся карэспандэнтам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Мне было даручанае асвятляць акцыю 25 сакавіка ў Менску.
Прыблізна ў 18.40 я знаходзіўся каля моста праз Свіслач на праспекце Незалежнасці з боку Дома-музея РСДРП. Недалёка ад мяне быў карэспандэнт газеты «Наша Ніва» Сямён Печанко. Ён фатаграфаваў групу дэманстрантаў. Да яго вопратцы было прымацаванае пасведчанне журналіста. Ніякіх лозунгаў ён не выкрыкваў. У руках у яго не было ніякіх сцягоў і ніякай сімволікі. Яго рукі былі занятыя фотаапаратам.
Генадзь Барбарыч, карэспандэнт газеты «Белорусы и рынок»:
– Я 25 сакавіка 2008 года на заданне рэдакцыі газеты «Белорусы и рынок», супрацоўнікам якой з'яўляюся, рыхтаваў рэпартаж з святкавання Дня Волі. Гэтае мерапрыемства асвятлялі шматлікія беларускія і замежныя журналісты. Сярод іх быў і журналіст «Нашай Нівы» Сямён Печанко, якога я добра ведаю ўжо некалькі гадоў. У яго з сабою было пасведчанне, прымацаванае да курткі. Як і іншыя, ён рабіў сваю працу: фатаграфаваў, назіраў, размаўляў з людзьмі. Лозунгаў і заклікаў не выкрыкваў, сцягоў і транспарантаў з сабою не меў. Ведаю яго як чалавека спакойнага, нават флегматычнага. І таму не ўяўляю з яго боку якіх бы то ні было агрэсіўных дзеянняў.




