Кітай запрасіў Ахмадзінежада на адкрыццё Алімпіяды
2- 31.03.2008, 13:18
Амбасада Кітая ў Тэгеране перадала афіцыйнае запрашэнне прэзідэнту Ірана Махмуду Ахмадзінежаду наведаць Пекін для ўдзелу ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў–2008.
Як паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на іранскія СМІ, амбасадар Кітая ў Тэгеране нараўне з Ахмадзінежадам запрасіў на цырымонію і Махаммада Алі Абадзі, віцэ-прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі па пытаннях фізічнага выхавання і спорту. На сустрэчы з кітайскімі дыпламатамі прадстаўнікі Нацыянальнага алімпійскага камітэта Ірана заявілі пра гатоўнасць рабіць неабходнае садзейнічанне для паспяховага правядзення Алімпійскіх гульняў.
Іранскія службоўцы таксама распавялі пра ход падрыхтоўкі зборнай Ісламскай рэспублікі да Алімпійскіх Гульняў. Бакі дамовіліся ў канцы красавіка правесці сумеснае пасяджэнне, на якім будуць абмяркоўвацца пытанні, звязаныя з арганізацыяй паездкі іранскіх спартсменаў у Кітай для ўдзелу ў Алімпіядзе.
25 сакавіка старшыня Еўрапарламента Ханс-Герт Потэрынг не выключыў, што Еўразвяз можа байкатаваць Алімпіяду ў Пекіне, калі ўлады Кітая не ўрэгулююць напружаную сітуацыю, звязаную з хваляваннямі ў Тыбеце.