Амбасада Польшчы пачала выдаваць «карту паляка»
20- 31.03.2008, 14:10
Амбасада Польшчы ў Менску пачала прыём дакументаў ад беларускіх грамадзян для атрымання «Карты паляка». Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-аташэ дыппрадстаўніцтва Моніка Садкоўска. Закон аб «Карце паляка» ўступіў у сілу 31 сакавіка.
«Сёння былі прынятыя першыя пакеты дакументаў ад тых, хто хацеў бы атрымаць «Карту паляка», – сказала М.Садкоўска. – Разглядаць дакументы і прымаць рашэнне будзе консул. На гэта яму дадзеныя 14 дзён, але ў выпадку неабходнасці тэрмін разгляду дакументаў можа быць падоўжаны».
Па словах прадстаўніцы амбасады, атрымаць карту можа асоба, якая валодае польскай мовай на базавым узроўні, мае ў сваяцтве паляка альбо таго, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзядуля). Карта сапраўдная цягам 10 гадоў з дня выдачы і пры наяўнасці адпаведнай заявы падаўжаецца на наступныя 10 гадоў.
Уладальнік карты мае права: атрымаць доўгатэрміновую шматразовую візу на знаходжанне ў Польшчы; легальна працаваць на тэрыторыі Польшчы без дазволу на працу; займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю нароўні з польскімі грамадзянамі; у першачарговым парадку прэтэндаваць на фінансавыя сродкі, якія выдзяляюцца для падтрымкі палякаў за мяжой з дзяржаўнага або мясцовага бюджэту; праязджаць па чыгунцы з 37-працэнтнай скідкай.
Міністэрства замежных спраў Беларусі неаднаразова выступала супраць дадзенага закона. У прыватнасці, прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў 7 лютага заявіў, што рэалізацыя закона «Карта паляка» ў яго цяперашняй рэдакцыі «здольная сур'ёзна дэстабілізаваць міжнацыянальныя стасункі ў нашай краіне, выклікаць напружанасць у беларускім грамадстве, парушыць яго стабільнасць і спарадзіць недавер паміж беларускімі грамадзянамі розных нацыянальнасцяў».
«Для пераводу дыялогу ў канструктыўнае рэчышча» Беларусь прапанавала Польшчы «выйсці з сумесным зваротам у кампетэнтныя міжнародныя структуры, уключна Венецыянскую камісію Рады Еўропы, з просьбай аб правядзенні незалежнай юрыдычнай экспертызы закона «Карта паляка» на прадмет яго адпаведнасці міжнародным нормам». Да атрымання такога пагаднення Беларусь прапанавала ўвесці мараторый на ўжыванне закона ў дачыненні беларускіх грамадзян.