9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джэймс Бонд стаў беларускім партызанам і праспяваў «Купалінку» (Фота)

16

Галівудскі рэжысёр Эдвард Цвік завяршыў у Літве здымкі фільма пра Другую сусветную вайну. У галоўнай ролі камандзіра беларускага партызанскага атрада зняўся галівудскі акцёр Дэніэл Крэйг, Джэймс Бонд з «Казіно «Раяль».

Эдварда Цвіка («Апошні самурай», «Легенды восені») натхніў сцэнар Клэя Фромана па кнізе Няхамы Тэк «Супраціў: бельскія партызаны» – рэальная гісторыя жыцця братоў Бельскіх. Не падпарадкаваўшыся законам фашыстаў, якія акупавалі Беларусь, браты арганізавалі габрэйскі партызанскі атрад. Крэйг іграе Тувью Бельскага – аднаго з чатырох братоў. Яшчэ адна знакамітасць – Ліў Шрайбер («Омэн») – у ролі іншага брата, піша газета «Теленеделя».

Прэм'ера ваеннай драмы «Defiance», што можна перавесці як «Выклік», чакаецца ўвосень 2008 года. Бюджэт кінаэпапеі – $50 млн.

Не «Черный ворон», а «Купалінка»!

Непраходныя беларускія лясы кінематаграфісты здымалі ў 30 кіламетрах ад Вільні. Здымачная група прыляцела ў Літву ў надзеі на снежную зіму, але ўсталявалася безнадзейная адліга. Так што здымалі подзвігі партызан на фоне штучнага снегу і сіліконавых ледзяшоў.

Папраўкі давялося ўносіць не толькі з нагоды надвор'я. Напрыклад, беларускія акцёры заспрачаліся з Цвікам з нагоды песні, якую, седзячы ля вогнішча, маглі спяваць партызаны. Паводле папярэдняй задумы рэжысёра, яны спявалі чамусьці расейскую народную песню «Черный ворон», а акцёры пераконвалі, што гэта хутчэй за ўсё была родная сэрцу кожнага беларуса «Купалінка». Здымачнай групе песня спадабалася. У масоўцы знайшліся людзі, якія добра саліравалі – Цвік нават адзначыў, што партызаны спявалі як суладны прафесійны хор. Зрэшты, высветлілася, што гэта быў не зусім камплімент.

– Партызаны павінны быць стомленымі пасля бою! – круціў галавою Цвік. – І спяваць трэба адпаведна!

Давялося песню пераспяваць…

Дарэчы, акцёрам вельмі спадабалася, як працуе Цвік.

– Пасля кожнага дубля ён гаварыў: «Цудоўна! Выдатна!» І тут жа працягваў: «Яшчэ адзін дубль!» – дзеліцца ўражаннямі Ганна Мялешка – актрыса, якая іграе бедную габрэйскую дзяўчыну. – Потым мы паўтаралі яшчэ, і яшчэ, і яшчэ... І кожны дубль, паводле яго запэўніванняў, быў проста ідэальны, лепш і ўявіць сабе нельга!

Побач з Крэйгам і «Прима» ў радасць

У масоўцы здымаліся студэнты Віленскага еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Адзін з іх, другакурснік Ігар Станкевіч, распавёў «ТН»:

– Кожнаму з нас хацелася пастаяць побач з Джэймсам Бондам, але прабрацца да яго было не так і лёгка! І вось здымаецца сцэна, калі два савецкія партызаны праводзяць Бельскага-Крэйга да камандзіра свайго атрада – на фоне групы байцоў, якія паляць. На пляцоўцы абвясцілі, што для здымкі сцэны патрабуюцца тыя, хто паліць. Наперад ірванулі і тыя, што паляць, і тыя, што не паляць! Чатыры дублі спатрэбілася на рэпетыцыю, сем – на здымку эпізоду. І ўвесь гэты час я знаходзіўся побач з Крэйгам. Дарэчы, палілі мы не што-небудзь, а папяросы «Прима». Я потым спытаў у пастаноўшчыка-літоўца: «Трафейныя?» А ён смутна адказаў: «Ага, калі б… Па 7 літаў (2,5 літа роўныя $1. – заўв. «ТН») за пачак у Вільні ледзьве адшукаў!»

Ваша гарбата, сэр!

Дэніэл Крэйг старанна вучыў фразы, нястомна паўтараў іх на розныя лады. Доўга канцэнтраваўся перад пачаткам кожнага дубля з расейскім тэкстам. Нічога складанага галівудскай зорцы прамаўляць не трэба было, часам літаральна два словы – тыпу «дабрыдзень». Але хітом на здымачнай пляцоўцы стала яго пафаснае «Йа кацьегаріческі настайіваю!» з дыялогу з савецкім камандзірам, дзе герой «сціпла» прасіў медыкаменты для свайго атрада.

Крэйг быў цярплівы – і толькі аднойчы выйшаў з сябе. Па ролі яму трэба было сядзець з кубкам гарачай гарбаты ў руках. Каб напой вырабляў уражанне гарачага, асістэнт час ад часу падліваў у кружку кіпень. Да канца дня гарбата стала цалкам каламутнай… І калі асістэнт чарговым разам падышоў «плюхнуць вадзіцы», Крэйг абурыўся: «Я усё-ткі ангелец, чаму я павінен сядзець з гэтымі памыямі ў шалі?!»

І акцёру адразу ж налілі свежай гарбаты.

Смех скрозь слёзы

Калі здымаецца ваенная драма, акцёры нібыта перажываюць трагедыю самі. Таму жарты паміж здымкамі, смешныя накладкі падтрымліваюць атмасферу душэўнай раўнавагі.

Падчас здымкі адной сцэны ў старога, які іграў ролю старэйшыны гета, раптам зазваніў мабільнік. Здымка – справа доўгая, дзядуля ў гэты час як раз паціху драмаў у старонцы. І спрасонку ніяк не мог выключыць настойлівы сігнал! Здымкі прыпынілі, рэжысёр асабіста ўзяўся дапамагчы — але таксама ніяк не мог зладзіцца з тэлефонам. Урэшце пад рогат здымачнай групы Цвік выключыў апарат. А потым яму давялося доўга прасіць прабачэння ў «старэйшыны» – той не толькі не ведаў, як выключаецца яго тэлефон, але і пра ПІН-код для яго ўключэння паняцця не меў!

А актрыса Ганна Мялешка ўспомніла, як «Бонд» паднімаў усім настрой:

– Крэйг быў такі смяшлівы! Час ад часу распавядаў сваім партнёрам анекдоты. Я здымалася ў эпізодзе, дзе Бельскія прапаноўваюць габрэям збегчы з гета, і стаяла проста насупраць «Бонда» ўвесь дзень. Калі здымачная група стамілася, ён раптам пачаў нас падбадзёрваць: падморгваў, курчыў смешныя тварыкі. Гэта было даволі нечакана, усім даводзілася стрымлівацца, каб не засмяяцца. Крэйг з усімі меў простыя стасункі. А ў канцы здымачнага дня кінуўся ўсіх абдымаць, нават масоўку. Усе жанчыны былі ад яго ў поўным захапленні!

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках