Аляксандр Ярашук: Улады баяцца пагаршэння стасункаў з МАП і ЕЗ
12:17, — Палітыка
У Жэневе 6 сакавіка адкрылася 301-я сесія Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), у парадак дня якой занесенае пытанне аб выкананні беларускім урадам рэкамендацый МАП.
Як паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук, беларускае пытанне будзе разгледжанае ў другой палове сесіі, якая працягнецца да 20 сакавіка.
3 сакавіка лідэр БКДП узяў удзел у кансультацыях выканкама Усееўрапейскай рэгіянальнай рады прафсаюзаў, якія прайшлі ў Брусэлі (Бельгія). Паводле яго слоў, увесь гэты час МАП "самым актыўным чынам збірала інфармацыю пра тое, якія дзеянні робяцца беларускімі ўладамі па змяненні сітуацыі з прафсаюзамі". Цяпер, адзначыў ён, МАП выпрацоўвае сваё рашэнне.
На думку А.Ярашука, беларускі ўрад не атрымаў поспеху ў выкананні рэкамендацый МАП: "Органы ўлады як умешваліся, так і ўмешваюцца ў дзейнасць незалежных прафсаюзаў". Разам з тым лідэр БКДП лічыць, што найбольш эфектыўнай мерай, здольнай паўплываць на дзеянні ўлад, можа стаць жорсткі кантроль з боку МАП за сітуацыяй у Беларусі. "З нашага пункту гледжання, урад асцерагаецца пагаршэння стасункаў з МАП і ЕЗ. Пра гэта сведчыць тое, што закон аб прафсаюзах не быў прыняты ні на вясновай, ні на восеньскай сесіі парламента. Для ўлад вельмі важная праблема прэферэнцый. Мне здаецца, наступае разуменне таго, што адзіны шлях для гэтага – выкананне рэкамендацый МАП", – сказаў ён.
Нагадаем, у 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП прыняла рашэнне аб пачатку расследавання ў дачыненні Беларусі ў сувязі з скаргай незалежных прафсаюзаў. Спецыяльная камісія аналізавала выконванне беларускім урадам канвенцый МАП "Аб свабодзе аб'яднання і абароне права на арганізацыю ў прафсаюзы" і "Аб праве на арганізацыю ў прафсаюзы і на вядзенне калектыўных перамоваў".
Сітуацыя ў Беларусі разглядалася таксама на пасяджэнні Камітэта па нормах і стандартах МАП у рамках 95-й Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіла ў Жэневе. У выніку 8 чэрвеня 2007 года Беларусь пятым разам была занесеная ў спецпараграф дакладу Міжнароднай канферэнцыі працы як краіна, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў.
Навіны
па тэме




