Нашы ў НХЛ
10:42, — Спорт
Беларускі форвард канадскага "Манрэаля" 20-гадовы Сяргей Касціцын зарабіў 20 бамбардзірскіх балаў (9 шайб плюс 11 галявых перадач) у цяперашнім чэмпіянаце НХЛ.
У ноч з 6 на 7 сакавіка наш суайчыннік адзначыўся закінутай шайбай у пераможным госцевым паядынку з "Фініксам" – 4:2. Беларус стаў аўтарам чацвёртага голу за 81 секунду да фінальнай сірэны. Для пераадолення мяжы ў 20 ачкоў Касціцынц-малодшаму, які з'яўляецца пачаткоўцам НХЛ, патрабавалася 38 матчаў.
У матчы з "Фініксам" на лёд выходзіў таксама старэйшы брат Сяргея 23-гадовы Андрэй Касціцын. Ён бамбардзірскімі баламі не вылучыўся, перапыніўшы сваю трохматчавую дзейсную серыю. На рахунку Касціцына-старэйшага па-ранейшаму 43 ачка (20 плюс 23) у 64 сустрэчах. Гэта лепшы вынік сярод беларусаў у цяперашнім сезоне НХЛ.
Для партнёра Андрэя Касціцына па звяне расейца Аляксея Кавалёва сустрэча з "Фініксам" абярнулася тым, што ў ёй ён перасягнуў мяжу ў 500 галявых перадач за кар'еру. Юбілейны пас расейскі форвард зрабіў чэху Томашу Пляканецу, які на 27-ай хвіліне забіў першы гол у матчы. Усяго ж 35-летні Аляксей Кавалёў згуляў у НХЛ ужо 1059 матчаў, у якіх зарабіў 864 ачка (362 гола плюс 502 пасу).
24-гадовы беларускі форвард "Манрэаля" Міхаіл Грабоўскі за гульнёй з "Фініксам" назіраў з трыбуны. Замест яго на лёд выйшаў канадзец Мэцью Дандзена. З пачатку сезону Грабоўскі згуляў у НХЛ у 16 паядынках і набраў 4 дзейсныя балы (1 плюс 3).
33-гадовы беларускі абаронца Руслан Салей, які ў канцы лютага змяніў "Фларыду" на "Каларада", у 69 паядынках зарабіў 26 (4 плюс 22) балы. У мінулую ноч новая каманда Салея атрымала дома перамогу над "Анахаймом" (1:0), у складзе якога Руслан правёў 9 запар сезонаў. Беларус знаходзіўся на лёдзе падчас адзінага ўзяцця варот сваёй былой дружыны.




