Беларусь падпісала пагадненне аб адкрыцці прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Менску
2
17:34, — Палітыка
У Брусэлі сёмага сакавіка Беларусь і ЕЗ падпісалі пагадненне аб адкрыцці прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Менску. Пагадненне падпісалі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі і камісар ЕЗ па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер.
"Беларусь згаджаецца з заснаваннем на сваёй тэрыторыі прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцяў…, прызнае на сваёй тэрыторыі за кожным з Еўрапейскіх супольнасцяў правасуб’ектнасць, у тым ліку права складаць кантракты, набываць маёмасць і распараджацца ёй у той меры, у якой гэта неабходна для ажыццяўлення імі сваіх функцый", – цытуе БелТА тэкст пагаднення.
Тым часам, адзін з лідэраў апазіцыі Анатоль Лябедзька лічыць, што адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі – змушаная неабходнасць для беларускіх улад
"Еўрапейскі Звяз мае свае прадстаўніцтвы ў шматлікіх краінах азіяцкага і афрыканскага кантынентаў… Для беларускіх улад гэта змушаная неабходнасць, для Брусэля гэта сітуацыя, "калі лепш позна, чым ніколі". Вельмі важна ведаць, якім мандатам будзе валодаць прадстаўніцтва ЕЗ у Менску", – пракаментаваў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падпісанне пагаднення.
"У афіцыйнага Менска з'яўляецца шанец напоўніць стасункі з Еўрапейскім Звязам новым зместам. Але для гэтага не дастаткова знакаў, якім з'яўляецца адкрыццё прадстаўніцтва. Патрэбныя дзеянні, якія змяняюць палітыку ўнутры Беларусі, неабходныя крокі, якія аддаляюць нас ад аўтарытарызму", –- перадае сайт АГП словы Анатоля Лябедзькі.




