Беларуская «адліга» скончыцца зьяўленьнем новых палітвязьняў?
4
11:16, — Палітыка
Пасьля адноснага «зацішша» улады моцна ўдарылі па дэмакратычных сілам і незалежных сродках масавай інфармацыі.
Масавыя арышты і зьбіцьцё мірных дэманстрантаў у Менску 25-га сакавіка, 74 асуджаных толькі ў сталіцы актывістаў дэмсілаў і журналістаў 26-га сакавіка, з якіх 26 – да адміністратыўнага арышту, ператрусы й затрыманьні незалежных журналістаў 27-28 сакавіка адкрылі новую старонку ўва ўзаемадачыненьнях паміж уладай і яе апанэнтамі.
Ці варта чакаць новага вітка рэпрэсіяў? На гэтую тэму разважаюць экспэрты “Заўтра тваёй краіны”.
-- Новай хвалі рэпрэсіяў ня проста трэба чакаць, але да гэтага трэба рыхтавацца, таму што, калі тыдзень таму Лукашэнка сабраў сілавікоў і сказаў, што яны слаба працуюць, дапускаюць шмат памылак і гэтак далей, то яны гэтыя словы ўспрынялі як каманду да актыўных дзеяньняў, - мяркуе былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Волчак. – А калі ўлічыць, што ў бягучым годзе яшчэ будуць і парлямэнцкія выбары, у якіх зьбіраецца браць удзел апазыцыя, то такіх сплянаваных мэтанакіраваных акцыяў уціску з удзелам КДБ і пракуратуры абсалютна варта чакаць.
-- Гэты ціск і так ужо адбываецца, а зрабіўшы такую заяўку ў мінулыя дні, улада будзе пасьлядоўнай, - упэўнены першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.
-- Гэтага можна чакаць, таму што якраз днямі ўлады перайшлі тую мяжу, калі яны яшчэ вагаліся і спрабавалі гуляць пад ціскам зьнешніх абставінаў, - лічыць галоўны рэдактар недзяржаўнага тыднёвіка “Новы час” Аляксей Кароль. – Самазахаваньне ўлады для іх важней, чым сацыяльнае становішча жыхароў і паляпшэньне адносінаў і свайго месца ў сьвеце.
-- Гледзячы па тым, што пачалося пры канцы сакавіка, узмацненьня ўціску на дэмакратычныя сілы й незалежныя СМІ сапраўды варта чакаць, - прагназуе палітоляг Валеры Карбалевіч. - Справа ў тым, што зараз чакаецца шэраг судоў над актывістамі апазыцыі, і я баюся, што гэта можа выліцца нават у зьяўленьне новых палітычных вязьняў у Беларусі.




