Севярынца арыштоўвалі… за подпісы ў абарону свабоды сумлення
3- 1.04.2008, 17:43
У пракуратуры Цэнтральнага раёна Менска моладзевага лідэра Паўла Севярынца азнаёмілі з пратаколам, складзеным у дачыненні яго нібы за парушэнне артыкула 9.10 КаАП. Актывіста апазіцыі абвінавацілі ў пазапраўным зборы подпісаў аб занясенні зменаў у рэлігійнае заканадаўства. Цяпер Севярынец на свабодзе, яму пагражае буйны штраф.
Як растлумачыў Павал Севярынец прэс-цэнтру Хартыі’97, у пракуратуры апазіцыянеру паведамілі, што перш чым збіраць подпісы, ён павінен быў зарэгістраваць у Цэнтрвыбаркаме ініцыятыўную групу.
«Само затрыманне адбывалася па законах дэтэктыўнага жанру. Пяцёра чалавек хапаюць у цэнтры горада, вязуць невядома куды… А ўся справа ў подпісах! Гэта проста параноя. Улады баяцца актыўных людзей, якія гатовыя адстойваць свае правы», – паведаміў Севярынец прэс-цэнтру Хартыі’97.
Нагадаем, што 28 лютага ў Адміністрацыю прэзідэнта перададзены калектыўны зварот больш як 50 тысяч беларускіх грамадзян аб занясенні зменаў у рэлігійнае заканадаўства.
26–27 лютага зварот быў перададзены ў Канстытуцыйны суд і ў «палату прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу».
Аўтары звароту прапаноўваюць увядзенне норм, якія прадугледжваюць магчымасць дзейнасці груп вернікаў без рэгістрацыі ў якасці рэлігійных суполак, а таксама што прадугледжваюць рэстытуцыю нерухомасці рэлігійных арганізацый. Прапаноўваецца адмена нормаў, якія прадпісваюць узгадненне з мясцовымі органамі ўлады правядзенне набажэнстваў; якія абмяжоўваюць тэрыторыю дзейнасці рэлігійнай арганізацыі; забараняючых замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства быць заснавальнікамі або кіраўнікамі рэлігійных суполак.
Для выпрацоўкі адпаведных зменаў прапаноўваецца стварыць працоўную групу з службоўцаў і вернікаў, а таксама абвясціць мараторый на дзеянне асобных артыкулаў шэрагу нарматыўных актаў.